viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Goodbye Ленін

2016 2016-11-15T17:36:08+0300 2016-11-15T17:40:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/goodbye-lenin.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: zarubezhom.info

Ілюстрацыйнае фота: zarubezhom.info

Здарылася гэтая гісторыя ў тыя далёкія часы, калі ўсе мы былі піянерамі, насілі чырвоныя гальштукі, хадзілі “строем” пад крычалкі, у якіх кляліся  вырасці годнай зменай старэйшым камуністам-ленінцам. Памятаеце ўсе гэтыя “Взвейтесь кострами, синие ночи! Мы, пионеры, - дети рабочих!”, “Пионер, к борьбе за дело Коммунистической партии Советского Союза будь готов! — Всегда готов!”. І гэтак далей.

Мы з бацькамі толькі атрымалі новую дзвухпакаёку і пераехалі на новае месца жыхараства ў толькі адбудаваны мікрараён, на вуліцу Асаналіева. Натуральна, мне разам са зменай месца жыхарства прыйшлося перайсці і ў  новую школу. Так, з добрай  школы з англійскім ухілам (англійскай мовай з першага класу) я патрапіў у звычайную школу, якая знаходзілася проста насупраць майго дому. Памятаю, што я вельмі хваляваўся перад першым верасня. Новая школа, новы клас - як я ўпішуся ў яго? Я ж буду адзіны “новенькі” і да мяне будзе пільная ўвага не толькі з боку настаўнікаў, але аднакласнікаў? Вядома, хлопцы захочуць праверыць, што гэта за “новенькі”, як ён трымаецца, як ён у бойцы… Але хваляванні мае былі дарэмныя, бо ўсе мае аднакласнікі апынуліся “новенькімі”, усе былі “перасяленцамі”, з навакольных навабудаў. 

Сама школа была таксама новай, і яе дырэктарка, напэўна, была жанчынай не без амбіцый. Яна, відаць, вырашыла зрабіць са школы ўзорна-паказальную ідэалагічную ўстанову. На адным з паверхаў школы на сцяне з мазайкі быў выкладзены профіль шэфа ЧК Фелікса Дзяржынскага і знаходзіўся музей міліцыі, які распавядаў пра гісторыю стварэння міліцыі ў БССР, пра няспынную барацьбу “органаў” па ўстанаўленні савецкай улады на нашых тэрыторыях.

Але гэтага здалося замала нашай маладой ды амбітнай дырэктарцы. На другім паверсе школы яна запланавала зрабіць штосьці накшталт “ленінскага пакою” ці некропалю – з фотаздымкамі сям’і Ільіча, іншымі фотаздымкамі, прысвечанамі “вождю міравога пралетарыяту”, але самым шыкоўным з задуманага быў профіль Леніна, выкладзены на сцяне з кавалачкаў люстэрак! Такога дакладна ні ў воднай школе - не толькі Кастрычніцага раёна сталіцы, але і бадай ва ўсім Менску і Менскай вобласці - не было! Пасля такога нашую дырэктарку проста былі абавязаныя прасунуць па службовай лесвіцы ў ГАРАНА,  ды што там - у Менскі гарсавет! Дадзены “пачын” дырэктаркі быў горача ўхвалены Радай піянерскай дружыны школы, якая даручыла ўсім піянерам прыносіць кавалачкі з люстэркаў для ўвасаблення гэтай геніяльнай ідэі. Так, усе піянеры і камсамольцы школы, што ў тыя часы азначала ўвесь вучнёўскі склад, далучыліся да практычнай рэалізацыі гэтага манументальнага твора. Да канца навучальнага года праца была амаль скончаная, яе планавалі цалкам завяршыць падчас летніх вакацыяў, калі ў школе будзе ціха і ніхто не будзе замінаць майстрам.  Я не памятаю дакладна, ці прынёс я ў школу кавалачак люстэрка, спрычыніўшыся такім чынам да агульнапіянерскага “пачыну”, але я дакладна памятаю, што стаў сведкам і, магчыма, саўдзельнікам знішчэння люстранога пано.

На летнія вакацыі ўсе вучні разбегліся на адпачынак. Большасць з маіх аднакласнікаў паехала да сваіх бабуль-дзядуль у вёскі. Так атрымалася, што ў мяне не было вёскі і я разамі з такімі ж беспрытульнымі быў вымушаны хадзіць у школьны лагер. Трэба сказаць, што ў мяне была альтэрнатыва ў выглядзе піянерскага лагеру, але, пабываўшы ў такіх лагерах двойчы, я быў упэўнены, што абмежаванне волі значна лепей за яе пазбаўленне, і абраў школьны лагер - так хоць прынамсі ночыць дома буду. У лагеры кармілі, прапаноўвалі некалькі экскурсій па родным Менску, сярод якіх мне асабліва спадабалася экскурсія па толькі што здадзеным у эксплуатацыю менскім метро, дакладней, па першых, здаецца, пяці станцыях. У цэлым жа, у лагеры было сумна і нудотна. Разам са мной там быў мой аднакласнік Сярожка Д., гэткі тоўсценькі вясяльчак. У яго была рагатка. Так, сапраўдная рагатка з гумавым бінтам. Сярожка проста па-майстэрску страляў з яе дробнымі каменьчыкамі, а часам і жалезнымі шарыкамі з падшыпнікаў. Асабліва файна было, калі стрэльнуць такім жалезным шарыкам у шыбу: шкло пры гэтым не білася, а ў месцы, куды патрапіў шарык, заставалася роўненька дзірачка, як ад кулі. Шыкоўна!

Ну вось, у адзін з такіх нудотных летніх дзён мы з Сярожкам гулялі па апусцелых школьных калідорах. Па дарозе Сярожка расстрэльваў з рагаткі школьныя шыбы, робячы ў іх дзірачкі ад куль. І раптам … наш позірк упёрся … у люстранога Ільіча на сцяне. Я не памятаю, хто прапанаваў гэтую ідэю, але дакладна памятаю, што мы абодва былі проста ў захапленні ад яе - стрэліць у адно з люстэрак на сцяне! Сярожка дастаў з кішэні чарговы жалезны шарык, заклаў яго ў рагатку, прыцэліўся і … О, божа! Люстэркі проста адваліліся ад сцяны і з грохатам бразнуліся аб бетоную падлогу! Ленін папросту знік, зпоўз у нас на вачах са сцяны і рассыпаўся на дробныя кавалкі! Вух ты! - вырвалася ў нас абодвух, і тут жа мы з жахам паглядзелі адзін на аднога. Бяжым хутчэй! Што зараз будзе?!  Неяк незаўважна нам удалося выбегчы з будынку школы. На вуліцы, перавёўшы дыханне, мы дамовіліся з Сярожкам ні ў якім разе не распавядаць нікому пра тое, што здарылася. Нікому! Інакш - нам гамон!

А што было пасля? Пасля было шмат шуму-гаму. Адміністрацыя школы шукала, хто здзейсніў гэты акт вандалізму. Зараз можна толькі здагадвацца, што б чакала нас з Сярожкам, калі б даведаліся, што гэта былі мы. Як мінімум, выгналі б са школы, напэўна. Але ніхто не даведаўся. Мы ж далі адзін адному слова!

Прайшлі гады, знік камуністычны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сярожка пасля заканчэння ПТВ працуе, гадуе дзяцей і, напэўна, забыўся на гэтую старую гісторыю. Я не ведаю, ці ўдалося зрабіць кар’еру нашай дырэктарцы, але памятую, што неяк гадоў праз дзесяць пасля гэтай гісторыі,  на пачатку 90-х, заўшоўшы ў сваю школу, я ўбачыў на месцы таго люстранога пано наноў выкладзены з мазайкі профіль … Францішка Скарыны.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства