viasna on patreon

Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзяды – 2016” у Мінску

2016 2016-10-31T15:15:51+0300 2016-12-18T17:31:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziady-2016-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
 Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

30 кастрычніка ў Мінску праходзіла акцыя, прысвечаная Дню памяці продкаў “Дзяды”

Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). Ва ўдзельнікаў адсутнічала зброя, не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, удзельнікі акцыі не парушалі Правілаў дарожнага руху.
  2. Неабходнасць атрымліваць два дазволы для правядзення акцыі, а таксама патрабаванне па аплаце паслуг дзяржаўных органаў варта трактаваць як непрапарцыйнае абмежаванне права на мірныя сходы. 
  3. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным неабгрунтавана не давалі магчымасці выказаць меркаванне частцы ўдзельнікаў акцыі, а менавіта - перакрывалі сабой надпіс на банеры падчас руху калоны.
  4. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама ідэнтыфікацыйных прыкмет у супрацоўнікаў у форме. Адсутнічае інфармацыя пра мэтазгоднасць прысутнасці міліцыі ў такім выглядзе, а немагчымасць ідэнтыфікаваць паграджае беспакаранасці супрацоўнікаў у выпадку канфліктаў, як і дэзарыентуе арганізатараў і ўдзельнікаў адносна таго, да каго можна звярнуцца пры канфліктных сітуацыях.
  5. Станоўчым момантам можна адзначыць наяўнасць інфармацыйнай групы ад супрацоўнікаў міліцыі, іх камунікацыйнасць з назіральнікамі, аднак, яны прысутнічалі не заўжды на месцы правядзення і не маглі адказаць дакладна на шэраг пытанняў, а часам адмаўляліся камунікаваць з назіральнікамі.
  6. Станоўчым момантам з’яўляецца ажыццяўленне няспыннага руху калоны пры пераходзе праз вуліцу Валгаградскую, але ў той жа час калону разрывалі супрацоўнікі ДПС на іншых пераходах.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

Папярэдняя інфармацыя

Інфармацыя пра традыцыйнае шэсце “Дзяды” шырока агучвалася ў інтэрнеце і ў сацыяльных сетках.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 30 кастрычніка 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 7 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

Вядома, што арганізатары акцыі атрымалі дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ад дзвюх устаноў: Мінскага гарвыканкама і абласнога выканаўчага камітэта ў сувязі з тым, што збор і шэсце праводзяцца на тэрыторыі горада Мінска, а мітынг ва ўрочышчы “Курапаты”, размешчаным на тэрыторыі Мінскага раёна. Неабходнасць атрымліваць два дазволы і сама працэдура атрымання дазволаў істотна абмяжоўвае права на мірныя сходы. Таксама трэба адзначыць, што ўлады патрабуюць ад арганізатараў заключыць дамовы і аплаціць паслугі супрацоўнікаў міліцыі, медычнай дапамогі і прыборкі тэрыторыі. Гэтыя патрабаванні супярэчаць пазітыўным абавязкам дзяржавы ў галіне забеспячэння свабоды мірных сходаў.

Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Масавае мерапрыемства адбывалася 30 кастрычніка з 10:40 да 15:10.

З 10:40 адбываўся збор удзельнікаў, яны фармавалі калону, даставалі плакаты, расцяжкі, транспаранты, камунікавалі паміж сабой. У 11:35 калона рушыла па сігналу арганізатараў. Арганізатары былі пазначаныя бэйджамі і павязкамі на рукавах. У 14:25 калона падышла да ўрочышча “Курапаты”, дзе адбыўся мемарыяльны мітынг. У 15:00 удзельнікі пачалі разыходзіцца групамі рознай колькасці чалавек: ад 3 да 50.

- Колькасць ўдзельнікаў складала да 200 чалавек у розны час. На пачатку калона складалася прыкладна з 130 чалавек. На скрыжаванні з вуліцай Філімонава было налічана 160 чалавек. Па падземным тунелі да ўрочышча “Курапаты” прайшло 200 чалавек.

Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

 - Колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана не менш 10 чалавек на скрыжаваннях па ходу калоны. Не менш 50 чалавек – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі: рацыямі, навушнікамі. У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Не менш 6 чалавек вялі відэа здымку на малыя ручныя камеры. З калонай рухаліся 6 супрацоўнікаў АМАПу ў форменнай чорнай вопратцы з надпісам “ОМОН”, але без знакаў, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу супрацоўніка. Прысутнічалі дзве інфармацыйныя групы з адпаведнымі камізэлькамі на месцы збору ўдзельнікаў і ва ўрочышчы “Курапаты”.

Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

- Прысутнічала не менш 12 прадстаўнікоў СМІ, якія актыўна здымалі акцыю на фота і відэа, размаўлялі з удзельнікамі.

- Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору на асабістым і грамадскім транспарце; адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ; адсутнічалі перашкоды ў працы назіральнікаў.

- Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана.

- Былі заўважаны расцяжкі з наступным зместам: “Жыве незалежная Беларусь”, “Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ”, “Дзяды”, “Ушануйма ахвяраў Курапатаў”, “Фашызм мае шмат колераў Але вынік…”

- Банер вялікага памеру з надпісам “Фашызм мае шмат колераў. Але вынік…” удзельнікі акцыі спачатку неслі збоку калоны, але група маладых мужчын 5-7 чалавек ішла побач з плакатам і закрывала сабой яго змест. Усе спробы назіральнікаў і арганізатараў даведацца, ці з’яўляюцца гэтыя людзі супрацоўнікамі праваахоўных органаў і чаму закрываюць банэр, не далі вынікаў. Удзельнікі акцыі паднялі плакат на 2 флагштокі і так неслі далей.

Дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка ў Мінску

- Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, бела-чырвона-белы сцяг с гербам Пагоня, бела-чырвона-белыя стужкі і стужкі з рознымі арнаментамі, сцяг Украіны

- Машына хуткай дапамогі і мікрааўтобус с камерай суправаджалі калону увесь час руху.

- Арганізатары выконвалі патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў па выкананню правілаў дарожнага руху, не разрывалі калону, чакалі спазняючыхся і сачылі за рухам калоны.

- На скрыжаванні з вуліцай Валгаградскай удзельнікам дазволілі перайсьці праз праездку частку, спыніўшы транспарт. Пры гэтым, на святлафоры на вуліцы Мірашнічэнка рух калоны разрывалі.

- Выкарыстоўваліся наступныя лозунгі: “Жыве Беларусь!”, “Верым, можам, пераможам”, арганізатары мелі мегафон і часам спявалі праз яго песні.

 Рэкамендацыі

Арганізатарам:

* Па магчымасці арганізоўваць дружыну і дамаўляцца з супрацоўнікамі міліцыі пра парадак забеспячэння грамадскага парадку і бесперашкоднага руху.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

*Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

*Ажыццяўляць камунікацыю з назіральнікамі  як з трэцім незалежным бокам;

*Не разрываць рух калоны на святлафорах і скрыжаваннях;

*Не дапускаць цэнзуры плакатаў удзельнікаў падчас мерапрыемства.

Субьектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства