Інфармацыйная атака праваабаронцаў: “Скажам НЕ смяротнаму пакаранню” Фота Відэа
Некалькі тысяч асобнікаў спецвыпуска газеты “Народная Воля”, прысвечанага праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама газеты "Новы Час" былі раздадзеныя праваабаронцамі і валанцёрамі ў Мінску 10 кастрычніка ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які сёлета быў прысвечаны павышэнню дасведчанасці грамадзян аб прымяненні смяротнага пакарання за правапарушэнні, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасцю.
Гэтай масавай інфармацыйнай акцыяй актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” завяршылі Тыдзень супраць смяротнага пакарання.
Газетай цікавіліся практычна ўсе мінакі, некаторыя прыпыняліся і часам завязваліся дыскусіі: трэба ці не трэба адмяняць выключную меру пакарання. Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда пасля акцыі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, падзякаваўшы яе ўдзельнікаў, падвёў кароткі вынік:
10 кастрычніка, у міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання, была пастаўлена кропка ў мерапрыемствах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі 2016. Мы раздалі на вуліцах Мінска і ў іншых вялікіх і малых гарадах краіны тысячы газет са спецвыпускам, прысвечаным гэтай тэме. Аднак я больш чым упэўнены, што гэта шматкроп'е... Мы працягваем рухацца далей, і наша мэта як мінімум - мараторый на смяротнае пакаранне ў нашай краіне.
Падчас Тыдня супраць смяротнага пакарання праваабаронцы арганізавалі і правялі дзесяткі самых разнастайных мерапрыемстваў у многіх гарадах Беларусі і за яе межамі.
Так, 5 кастрычніка ў Мінску прайшла прэзентацыя даклада “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах”, падрыхтаванага Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH). У Коўна (Літва) 7 – 9 кастрычніка актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” прэзентавалі даклады па розных аспектах смяротнага пакарання на VI Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі.
Захапляльны канцэрт “Рок за жыццё” з удзелам гуртоў, якія падтрымліваюць ідэю адмены смяротнага пакарання, сабраў у клуб Re:Public каля тысячы маладых мінчукоў.
9 кастрычніка ў Магілёве з адкрытай лекцыяй выступіла вядомая абаліцыяністка, заснавальніца ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў” Тамара Чыкунова, якая лічыць сваёй галоўнай задачай адмену смяротнага пакарання ва ўсім постсавецкім рэгіёне.
Інфармацыйныя акцыі цягам тыдня адбыліся таксама ў Гомелі, Берасці, Магілеве, Гародні, Баранавічах, Бярозе і іншых гарадах. Выпуск газеты быў падрыхтаваны пры падтрымцы Хельсінкскага Фонда па правах чалавека (Польшча).