viasna on patreon

У Гомелі падчас інфармацыйнай акцыі затрымалі праваабаронцаў

2016 2016-10-09T20:38:11+0300 2016-12-14T13:06:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-9.10.16a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з акаўнта Леаніда Судаленкі ў Фэйсбуку

Фота з акаўнта Леаніда Судаленкі ў Фэйсбуку

9 кастрычніка ў Гомелі падчас распаўсюду газеты "Народная воля" са спецвыпускам пра смяротнае пакаранне былі затрыманыя актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны.

Паводле іх звестак, нарад міліцыі выклікаў адміністратар гандлёвага цэнтра "Мандарын Плаза" Віталь Новікаў, паведамляе “Гомельская Вясна”.

"Сёння мы працавалі ў гандлёвым цэнтры "Мандарын Плаза", што ў Савецкім раёне Гомеля. Распаўсюдзілі каля тысячы асобнікаў выдання. Людзі з задавальненнем бралі газету, дзякавалі, як раптам ахоўнік Зміцер Юрчанка заявіў, што раздаваць газету ў гандлёвым цэнтры забаронена. Аднак нічога выразнага наконт забароны ён не змог сказаць і выклікаў нарад міліцыі", - распавёў Анатоль Паплаўны.

Прапаршчык і сяржант міліцыі з аддзела "Ахова", якія прыбылі на месца інцыдэнту ўзброеныя, у касках і бронекамізэльках, таксама нічога выразнага з нагоды інцыдэнту патлумачыць не змаглі, яны выклікалі ўчастковага. Замест участковага з’явіўся раённы “опер” у званні маёра Ягор Коўтун.

"Маёр спакойна выслухаў нашу прававую пазіцыю, пазіцыю адміністрацыі гандлёвага цэнтра, пасля чаго заявіў, што не мае да нас прэтэнзій", - растлумачыў Леанід Судаленка.

З словаў праваабаронцы, у той час, калі ён у міліцэйскім аўтамабілі даваў пісьмовыя тлумачэнні, яго калега працягваў бесперашкодна раздаваць газету. Судаленка дадаў, што ахоўнікі гандлёвага цэнтру спрабавалі іх затрымаць, хапалі за вопратку, таму праваабаронцы будуць патрабаваць ад адміністрацыі цэнтру афіцыйных выбачэнняў.

Пасля інцыдэнту яны без прыгодаў распаўсюдзілі тысячу асобнікаў газеты на рынку "Давыдаўскія рады" Савецкага раёна горада.

Нагадаем, 5 кастрычніка ў Гомелі праваабаронцы распачалі інфармацыйную акцыю ў рамках Тыдня супраць смяротнага пакарання. На працягу тыдня яны раздавалі нумар "Народнай волі" з адмысловым дадаткам пра смяротнае пакаранне ў найбольш людных месцах абласнога цэнтра. Выпуск газеты быў падрыхтаваны пры падтрымцы Хельсінкскага Фонда па правах чалавека (Польшча).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства