viasna on patreon

Эколаг Таццяна Новікава: Беларуская АЭС – гэта злачынства на злачынстве

2016 2016-09-27T15:45:49+0300 2016-09-27T17:05:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/1016564222.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні на Мядзельшчыне адбылася сустрэча рэгіянальных праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, прысвечаная праблеме будаўніцтва Астравецкай АЭС. Сітуацыя вакол атамнага аб’екта з цягам часу становіцца ўсё больш небяспечнай, і таму было вырашана абмеркаваць асноўныя праблемы, каб вызначыць далейшыя накірункі дзейнасці актывістаў у межах антыядзернай кампаніі.

У круглым стале прынялі ўдзел праваабаронцы і грамадска-палітычныя актывісты з Астраўца, Смаргоні, Мядзеля, Вілейкі і Маладзечна. Таксама на сустрэчы прысутнічала эколаг, удзельніца Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.

Апошнія падзеі, такія як падзенне корпуса рэактара, некалькі смерцяў рабочых падчас працы, а таксама сістэматычныя парушэнні тэхнікі бяспекі на АЭС, выклікаюць шэраг пытанняў наконт мэтазгоднасці яе будаўніцтва. Падчас свайго выступу Таццяна Новікава выказала глыбокую занепакоеннасць лаяльнасцю міжнароднай супольнасці, якая не звяртае ўвагі на грубыя парушэнні падчас будаўніцтва АЭС.

Таццяна Новікава: “Зараз адбываецца вельмі небяспечны працэс на фоне пацяплення адносін паміж кіраўніцтвам нашай краіны і Еўрасаюзам. Усе рэсурсы дыпламатычнага і лабісцкага характару накіраваныя на легалізацыю будаўніцтва АЭС на міжнародным узроўні. З 18 па 21 верасня у Беларусь прыязджалі прадстаўнікі Еўракамісіі, якія па выніках перамоваў з беларускімі ўладамі заявілі, што плануюць выдзяляць грошы Беларусі на ўмацаванне рэгулятара і падтрымку бяспекі. Але грант на такія ж мэты ўжо даваўся раней. Яго паспяхова растрацілі, і ніякіх істотных зменаў не адбылося. Рэгулятар (арганізацыя, якая ажыццяўляе кантроль будаўніцтва АЭС) павінен быць незалежным органам, а ў Беларусі гэта МЧС, то бок дзяржаўны орган, таму пра нейкую незалежную ацэнку сітуацыі казаць нельга.

Не так даўно мы, як прадстаўнікі антыядзернай кампаніі, выступалі ў Вільнюсе перад літоўскімі дэпутатамі і прадстаўніком Еўракамісіі з патрабаваннямі больш уважліва ставіцца да сітуацыі на Астравецкай АЭС. Але зараз мы бачым, што нашыя словы не былі пачутыя, бо Еўракамісія зноў плануе даць Беларусі грошы. Але куды яны ідуць? Яны ідуць экспертам і чыноўнікам, якія вельмі любяць падобныя праекты, дзе можна шмат атрымліваць і пры гэтым нічога не рабіць. Адзін з чыноўнікаў мне нават прама сказаў, што замест таго, каб займацца незразумела чым, лепш бы я стала экспертам у міжнародным праекце і праз некаторы час пераехала спакойна жыць у Жэневу”.

Таццяна Новікава звярнула ўвагу на тое, што ў чэрвені наступнага года ў Беларусі адбудзецца сустрэча бакоў Канвенцыі ЭСПА (Канвенцыя аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце). На мінулай такой сустрэчы было прынятае рашэнне аб тым, што Беларусь парушыла Канвенцыю пры будаўніцтве АЭС. Каб задобрыць міжнародную супольнасць, Беларусь вырашыла ў гэты раз выступіць прымаючым бокам мерапрыемства. Таццяна Новікава ўпэўнена, што калі падчас гэтай сустрэчы будзе прынятае мяккае рашэнне адносна беларускай АЭС, то мы будзем сведкамі страшэннага прэцэдэнту легалізацыі небяспечнага будаўніцтва на міжнародным узроўні.

“Станцыю пачалі будаваць у 2009 годзе без праекту, ён з’явіўся толькі ў снежні 2012 года. Калі абіралі пляцоўку, то не зрабілі ўсіх неабходных даследванняў. Месца, абранае для будоўлі, з’яўляецца горшым з неспрыяльных. Таксама ў нас ёсць звесткі, што на будоўлі АЭС адбываюцца сістэматычныя парушэнні тэхнікі бяспекі і правоў працоўных. Людзі працуюць па 12 гадзін у суткі. Кранаўшчык распавядаў нам, што працаваў па 12 гадзін без выходных на працягу 20 дзён. Пра якую канцэнтрацыю ўвагі можна казаць у такіх умовах? А калі работнікі гінуць на будоўлі, і гэта старанна хаваюць? Работнік ўпаў з вышыні, цела кінулі ў хуткую, а працу ніхто не спыніў. На мінулым тыдні ў Лынтупах пахавалі рабочага АЭС, у якога здарыўся сардэчны прыступ, ён не дажыў нават да 50 гадоў… Страшэнных парушэнняў вельмі шмат, але расійскі бок, які вельмі зацікаўлены у будаўніцтве АЭС, гатовы на многае, каб схаваць ад людзей праўду і завяршыць будаўніцтва. Некалькі гадоў таму мы сцерагліся называць будаўніцтва АЭС злачынствам, але зараз з упэўненасцю можам казаць, што гэта не проста злачынства, гэта злачынства на злачынстве”.

Пра праблемы з рабочымі на АЭС казаў падчас сустрэчы і мясцовы актывіст Іван Крук:

“На АЭС ужо пачалося звальненне мясцовых рабочых. Прычына – уцечка інфармацыі. Мясцовыя ўлады вельмі балюча рэагуюць на распаўсюд інфармацыі пра тое, што адбываецца на станцыі. Пасля заяўлення літоўскага боку аб падзенні корпуса рэактара простым рабочым нават забаранілі выкарыстоўваць тэлефоны з камерамі”.

Грамадска-палітычны актывіст, жыхар Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч выказаў меркаванне, што ў авангардзе барацьбы за спыненне будаўніцтва АЭС павінна быць Літва. Ён таксама падкрэсліў, што будаўніцтва АЭС – гэта вялікая памылка беларускай дзяржавы. Атамная станцыя не вырашае ні эканамічных, ні палітычных праблем краіны, а наадварот, вядзе да яшчэ большай залежнасці ад Расіі.

Па выніках сустрэчы актывісты вырашылі працягваць ціск на міжнародную супольнасць, каб тая не дапусціла легалізацыі будаўніцтва Астравецкай АЭС, а таксама праводзіць больш шырокую інфармацыйную кампанію пра небяспеку, якую тоіць ў сябе атамная станцыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства