«Міліцыянты і турма з’елі майго сына»
У Жодзінскай турме №8 20 верасня раптоўна памёр случчанін Ігар Барбашынскі, справу якога аб злосным непадпарадкаванні міліцыянтам пры выкананні службовых абавязкаў, у супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС другі месяц разглядае суд Слуцкага раёна, паведамляе "Новы час".
Нагадаем абставіны справы, якая прывяла 37-гадовага мужчыну да турмы і смерці.
У канцы сакавіка Ігар разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманы міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаны ў нецвярозым выглядзе і дастаўлены ў медвыцвярэзнік.
Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі паломку рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда пасаджаны ў Жодзінскі следчы ізалятар.
У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэнні, пад час якіх абставіны справы для міліцыянтаў выглядаюць не лепшым чынам. Судовы разгляд справы да гэтага часу не скончаны, абвінавачаныя запрасілі ў суда зрабіць дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасць гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў РАУС.
І вось адзін з братоў не дачакаўся судовага выраку — раптоўна памёр.
Гаварыць з маці, Галінай, было вельмі цяжка. Жанчыну душылі слёзы.
«20 верасня, каля дзевяці гадзін раніцы мне патэлефанавалі з жодзінскай турмы, сказалі, што памёр мой сын і далі нумар тэлефона для сувязі. Ніякіх прычын і абставін смерці не паведамілі. Сказалі толькі, што трэба прыязджаць заўтра — забіраць цела. Я крычала ў тэлефон — як гэта памёр? Ён жа такі здаровы быў, маёр у адстаўцы, былы ваенны, займаўся спортам, амаль не нічым не хварэў? Што здарылася? У адказ — ніякай інфармацыі», — кажа жанчына.
Маці лічыць, што «яе сына з’елі міліцыянты і турма».
Прычыны смерці пакуль застаюцца невядомымі. Можна толькі выношваць розныя версіі. Але трывожыць, што гэта ўжо не першая смерць абвінавачваемых і падсудных у жодзінскай турме.
Калі ў турме раптоўна паміраюць маладыя людзі, складаецца ўражанне, што там адсутнічаюць умовы для жыцця і медыцынская дапамога. Гэта на той выпадак, калі ў зняволеных не вытрымлівае арганізм па прычыне абмежаванасці свабоды і калі хтосьці не дапамог ім развітацца з жыццём.