viasna on patreon

Туркменскі дысідэнт Чары Анамурадаў вярнуўся ў Швецыю і знаходзіцца ў бяспецы

2016 2016-09-14T16:28:45+0300 2016-09-14T16:41:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chary_annamuradov-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Генпракуратура Беларусі 13 верасня вызваліла Чары Анамурадава, выдачы якога патрабаваў Туркменістан. Сёння дысідэнт вярнуўся ў Швецыю, чыё грамадзянства ён мае. Прычыны такога рашэння пакуль невядомыя.  

Інфармацыю пра тое, што туркменскі дысідэнт ужо знаходзіцца на тэрыторыі Швецыі, Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пацвердзіў і яго сябра Мурат Ханалыеў, у госці да якога прыляцеў Чары Анамурадаў, калі быў затрыманы ў нацыянальным аэрапорце Мінска.  

Амаль два месяцы Чары Анамурадаў утрымліваўся пад арыштам у СІЗА №1 Мінска. Увесь гэты час праваабаронцы “Вясны” сумесна з калегамі з міжнародных арганізацыяў Human Rights Watch, Civil Rights Defenders прыкладалі намаганні дзеля таго, каб беларускія ўлады ўстрымаліся ад экстрадыцыі сп. Анамурадава ў Туркменістан, дзе яму пагражалі катаванні. Да справы вызвалення туркменскага дысідэнта падключыліся і шведскія дыпламаты, паколькі ён, з прычыны пераследу на радзіме за журналісцкую працу, у 2002 годзе разам з сям'ёй атрымаў прытулак у Швецыі, а 2007-м - грамадзянства гэтай краіны.

Пра вызваленне Чары Анамурадава паведамляе шведскае аддзяленне
Пра вызваленне Чары Анамурадава паведамляе шведскае аддзяленне "Рэпарцёраў без межаў"

Мурат Ханалыеў, які ўвесь час арышту свайго сябра падтрымліваў кантакты з яго адвакатамі, распавёў, што абставіны склаліся такім чынам, што ён не змог пабачыцца з Чары да яго ад’езду з Беларусі і не ведае, што стала прычынай яго вызвалення.

"Я не ведаю, з чым звязана яго вызваленне. Але ў мяне ёсць здагадка наконт трох пазіцый, якія маглі гэтаму спрыяць. Першае - магчыма, з Туркменістана прыйшлі дакументы, якія не былі пераканаўчымі для беларускага боку. Другое - падключэнне праваабарончых арганізацый, УВКБ ААН. Трэцяе - удалося даказаць, што ён палітычны мігрант. Магчыма, у выніку ўсіх гэтых момантаў яго і выпусцілі", - сказаў Мурат Ханалыеў.

Нагадаем, што Чары Анамурадаў у 1990-х гадах працаваў у Туркменістане незалежным журналістам, быў карэспандэнтам Радыё Свабода і «Незалежнай газеты». Пераследаваўся за сваю прафесійную дзейнасць. Адседзеўшы два гады ў турме па сфабрыкаваных абвінавачваннях, быў вымушаны пакінуць краіну.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства