viasna on patreon

Яшчэ адна вялікая страта для ўсіх нас – Юры Хадыка

2016 2016-09-12T16:57:21+0300 2016-09-12T16:59:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hadyka-jury.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Хадыка пад час прэзентацыі вясноўскай Хронікі парушэньняў правоў чалавека. 1999 г.. Фота з архіву ПЦ "Вясна"

Юры Хадыка пад час прэзентацыі вясноўскай Хронікі парушэньняў правоў чалавека. 1999 г.. Фота з архіву ПЦ "Вясна"

11 верасня пайшоў з жыцця вядомы палітык, доктар фізіка-матыматычных навук, прафесар, адзін з першых палітвязняў незалежнай Беларусі Юры Хадыка.

26 красавіка адбыўся брутальны разгон самай буйной пратэстнай акцыі 1996 году “Чарнобыльскі шлях”, прымеркаванай да 10-годдзя аварыі на ЧАЭС. Сотні затрыманых, дзясяткі збітых, а таксама крымінальны пераслед па абвінавачванні ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак...

Намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка, які быў адным з заяўнікоў дэмакратычнага шэсця, і сакратар управы Вячаслаў Сіўчык амаль месяц правялі ў СІЗА, дзе больш за 20 дзён трымалі галадоўку. Пад ціскам акцый пратэсту ў Беларусі, заклікаў замежнай грамадскасці і лідэраў розных краін, у тым ліку Барыса Ельцына, іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе без зняцця абвінавачвання. Саму крымінальную справу спынілі толькі праз год.

"Значную частку свайго жыцця Юрась Хадыка аддаў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Ён быў сябрам беларускіх праваабаронцаў і розным чынам падтрымліваў нашую дзейнасць, добра разумеючы патрэбу ў ёй. Ён успрымаў правы чалавека як неад'емную частку будучай дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі,” – адзначае ягоны стары знаёмы і  аднадумца, старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі.

У звязку з 75-годдзем Юрыя Хадыкі, Алесь Бяляцкі напісаў эсэ “Залатая Беларусь. Нататкі з Бабруйскай калоніі”, дзе згадвае момант сумеснай з грамадскім дзеячом адсідкі на сутках:

Мы ляжалі на агульных драўляных «палацях» упокат, без прасцінаў, матрацаў і падушак, у адзенні. Дзе елі, там і спалі. Спаў у асноўным я, а Юрась Хадыка распавядаў правакатарам лекцыі з гісторыі бібліістыкі. Прафесар Хадыка выдатна ведаў Біблію, нягледзячы на тое, што фізік, быў вернікам і адмыслоўцам у беларускай старажытнай сацыяльнай культуры. Ён умеў чытаць схаваную сімволіку беларускіх іконаў-абразоў.

Я слухаў спакойны, добразычлівы, крыху аднастайны голас Юрася Хадыкі. Ён распавядаў пра дабро і зло, пра першародны грэх і выкупленне Хрыстом. Я не мог утрымацца. Вейкі мае зліпаліся, і я засынаў лёгкім і светлым сном, праз які чуў голас барадатага Хадыкі. Ён, як біблейскі апостал, настаўляў стукачоў-грэшнікаў на шлях праўды. Такая сонная тэрапія для мяне і навучанне вераю ды праўдаю для нашых сукамернікаў працягвалася ўсе дзесяць дзён.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” смуткуе разам з роднымі і блізкімі Юрыя Хадыкі і выказвае глыбокія спачуванні ўсім  сябрам і паплечнікам выдатнага сына Беларусі.

Юры Хадыка застанецца ў нашых сэрцах і ў гісторыі нашай краіны прынцыповым, мужным і высакародным чалавекам.

Светлая памяць!

***

Юрыю Хадыку было 78 год. Апошнія некалькі год ён жыў у ЗША, у сям’і малодшага сына. Згодна з тэстамэнтам пахаванне праху пройдзе ў Беларусі.

 Чытаць: Адзін дзень палітвязьня Юрыя Хадыкі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства