Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства, прысвечанага Дню Незалежнасці 25 жніўня 2016 года
25 жніўня 2016 года ў Менску ў перыяд часу з 18:00 да 19:40 адбылося масавае мерапрыемства. Дадзенае мерапрыемства было арганізавана актывістамі "Маладога Фронту", запрашэнне было распаўсюджана праз электронныя СМІ для ўдзелу ўсіх жадаючых у «Купалаўскіх чытаннях» і шэсці да плошчы Незалежнасці.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні пра магчымасці выканання функцый назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правіл і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць, апісаньне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца асобна ад удзельнікаў дэманстрацыі. Яны пазначаныя бэйджамі назіральніка і сінімі камізэлькамі.
Падчас правядзення масавага мерапрыемства 25 жніўня 2016 года, вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 4 назіральнікі, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.
I. Высновы:
1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства на працягу ўсёй акцыі (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход носіць негвалтоўны характар").
2. Адсутнасць заяўкі і дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства не можа яго абмяжоўваць. Сама існуючая працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 129.93 Дакладу Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН 2015 года) і дэвальвуе права на мірны сход.
3. Негатыўнай практыкай з'яўляецца складанне пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні падчас мірнага сходу.
4. Не ў поўнай меры былі ажыццёўлены пазітыўныя абавязацельствы супрацоўнікаў міліцыі па ахове мірных дэманстрантаў: не было эфектыўнай рэакцыі на хуліганскія дзеянні з боку групы маладых людзей у колькасці 5 чалавек, якія закідалі яйкамі удзельнікаў акцыі на плошчы Незалежнасці падчас завяршэння мерапрыемства.
II. Ход масавага мерапрыемства
• Да пачатку мерапрыемства а 18:00 ля помніка Янкі Купалы сабраліся каля 35 чалавек. Яны трымалі ў руках прыкладна 15 бел-чырвона-белых сцягоў. Таксама недалёка праходзіў пікет у падтрымку аднаго з кандыдата ў дэпутаты. Аднак, два мерапрыемствы не перашкаджалі адзін аднаму. У пачатку сёмага пад помнікам Я.Купалы дэманстранты пачалі па чарзе чытаць вершы. Тым часам супрацоўнікі праваахоўных органаў складалі пратаколы на кожнага з тых, хто выступаў з вершамі. Колькасць дэманстрантаў на месцы збору павялічылася да 60 чалавек, а сцягоў стала 27. Гэтак жа дэманстрантамі былі выкарыстаныя плакаты «Свабоду Пальчысу» і «Свабоду Паліенку». Каля паловы сёмай гадзіны дэманстранты скончылі чытанне вершаў і пачалі выбудоўвацца ў калону, каб ажыццявіць запланаванае шэсце па праспекце да плошчы Незалежнасці.
• На ўсім шляху руху, на кожным перакрыжаванні праспекта парадак дарожнага руху кантраляваўся супрацоўнікамі ДАІ.
• У час масавага мерапрыемства каля удзельнікаў знаходзілася каля 25 прадстаўнікоў праваахоўных органаў у цывільным, а гэтак жа 5 міліцыянтаў у форменным абмундзіраванні. 8 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным вялі відэаздымку мерапрыемства. Недалёка ад месца збору дэманстрантаў, справа ад помніка, стаяў сіні мікрааўтобус з камерай на даху, гэтак жа ў парку знаходзіўся транспарт ДАІ. За мерапрыемствам гэтак жа назіралі 7 прадстаўнікоў АБСЕ.
• У час шэсця, калі калона падыходзіла да скрыжавання праспекта з вуліцай Леніна, дэманстранты былі падвергнуты закідваннем курынымі яйкамі. Гэтак жа, пад так званы абстрэл, трапілі мінакі і аўтамабіль, які праязджаў па праспекце.
• Паўтарылі спробу яечнага абстрэлу контрдэманстранты ўжо ў канцы шэсця на плошчы Незалежнасці. І калі ў першы раз іх саміх не было відаць, то ў гэты раз яны з’явіліся, нечакана напаўшы са спіны дэманстрантаў. Кінуўшы некалькі яек, маладыя людзі, са схаванымі тварамі, з усіх ног кінуліся ўцякаць у бок вуліцы Савецкай. Супрацоўнікі міліцыі кінуліся наўздагон, выкарыстоўваючы службовы транспарт. Пасля чаго, мерапрыемства завяршылася. Вынікі пераследу контрдэманстрантаў не вядомыя.
• Перашкаджэнне працы СМІ і назіральнікаў не зафіксаваныя.
• Арганізатары не былі адзначаны адмысловымі знакамі, аднак каардынацыя калонай мела месца. Дружыны адсутнічала.
• У час шэсця з боку дэманстрантаў не было заклікаў да агрэсіўных дзеянняў і гвалту. З усяго вышэйсказанага відавочна, што мерапрыемства з боку дэманстрантаў і арганізатараў насіла мірны характар.
III. Рэкамендацыі
Арганізатарам:
* Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз скрыжаванні вуліц і пры трапленні на месца правядзення мітынгу. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
* Абараняць ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі ад замахаў з боку іншых асоб, не дапускаць хуліганскіх і іншых супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да удзельнікаў;
* У адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
* Пазначаць кантактную собу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;
* Забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні з спыненнем руху транспартных сродкаў.
Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
* Ініцыяваць змены ў заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.