Гродзенская абласная камісія палічыла ўсе публікацыі ў “Гродзенскай праўдзе” за праўладных вылучэнцаў… выпадковым супадзеннем
3 жніўня адбылося паседжанне Гродзенскай абласной выбарчай камісіі, ная кім разглядаліся два пытанні. За 5 хвілін ТВК зацвердзіла размеркаванне фінансавых сродкаў па акругах на паперу і друк агітацыйных выбарчых матэрыялаў. А вось разгляд скаргі незалежнага назіральніка Рамана Юргеля на сістэмныя публікацыі ў газеце “Гродзенская праўда” артыкулаў за праўладных вылучэнцаў у кандыдаты доўжыўся больш гадзіны. Напомнім, што гэтую скаргу назіральніка ў Гродзенскую ТВК перанакіравала Цэнтральная выбарчая камісія, таму абласная камісія мусіла разглядаць яе ў поўным фармаце. На паседжанне быў запрошаны і прысутнічаў галоўны рэдактар галоўнай абласной дзяржаўнай газеты Павел Сухарукаў.
У выніку ТВК, на паседжанні якой прысутнічалі ўсе яе 13 членаў, аднагалосна прыняла рашэнне, што перадвыбарчай прыхаванай агітацыі ў артыкулах газеты пра праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты не было, а адміністрацыйны рэсурс не выкарыстоўваўся. Адпаведна не парушаецца і заканадаўства. Гучалі аргументы, што ні журналісты газеты, ні кіроўцы, ні прыбіральшчыцы, якія працуюць у “Гродзенскай праўдзе”, не ўваходзяць у склад ініцыятыўных груп праўладных вылучэнцаў, нумары газеты ў час збору подпісаў не раздаваліся. І ўвогуле артыкулы пра гэтых вылучэнцаў выпадковыя, так супала, таму што цэлы год газета друкуе падобныя артыкулы пра вартых, аўтарытэтных людзей рэгіёна, дасягнуўшых у жыцці нечага важкага. Са слоў аднаго з членаў камісіі, “не пра беспрацоўных жа, нічога не дасягнуўшых у жыцці людзей, пісаць газеце”.
Галоўны рэдактар “Гродзенскай праўды” таксама адпрэчваў усялякую сувязь з аблвыканкамам і цвердзіў, што ні ад каго не атрымліваў ніякіх загадаў пра друкаванне падобных артыкулаў і не выкарыстоўваў адміністрацыйнага рэсурсу, даводзіў, што газета не атрымлівае з бюджэту ніякіх фінансавых сродкаў.
Камісія прагаласавала аднагалосна за рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі, у тым ліку і сябры такіх палітычных партый, як БПЛ “Справедливый мир”, ЛДПБ і КПБ.
Раман Юргель некалькі разоў на паседжанні прасіў слова, аднак старшыня ТВК Уладзімір Хлябіч ні разу не даў яму магчымасці выказаць сваю пазіцыю. Назіральнік перакананы, што артыкулы “Гродзенскай праўды” – тыповае выкарыстанне паліттэхналагічных прыёмаў па апрацоўцы грамадскага меркавання. Менавіта гэтыя артыкулы маюць уплыў на выбаршчыкаў, на вертыкаль улады, яны ёсць выразным знакам таго, каго вылучаюць і падтрымліваюць улады на выбарах. Ствараецца ілюзія, што альтэрнатывы праўладным прэтэндэнтам у кандыдаты няма.
А тым часам “Гродзенская праўда” з нумара ў нумар працягвае публікаваць “выпадковыя” артыкулы пра дзяржаўных вылучэнцаў у кандыдаты. Незалежныя назіральнікі Гродна адзначаюць таксама пасіўнасць іншых прэтэндэнтаў і іх штабоў, якія не пішуць скаргі на відавочнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу ў вядзенні кампаніі.