Яўген Вапа: Па ўсім свеце ідзе змаганне з мовай нянавісці (аўдыё)
Сучаснасць ставіць вострыя пытанні перад традыцыйнымі і новымі медыя. Дзе праходзіць мяжа паміж інтарэсамі дзяржавы і прыватным жыццём чалавека? Чаму законы робяць чалавека безабаронным? Чаму нацыянальныя меншасці і мігранты робяцца мішэнямі рыторыкі нянавісці?
Над гэтымі пытаннямі разважае старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы, галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” і старшыня ўправы “Беларускага Радыё Рацыя” Яўген Вапа.
Яўген Вапа: На сённяшні дзень у сувязі з пагрозай тэрарызму самым галоўным пытаннем у галіне правоў чалавека з’яўляецца тое, наколькі можа дзяржава ў імя захавання жыцця ўваходзіць у прыватнае жыццё кожнага чалавека і абмяжоўваць ягоныя правы, асабліва ў віртуальна-электроннай сферы. Хтосьці кажа, што гэта пагроза дэмакратыі, а хтосьці кажа, што няма дэмакратыі, калі няма абароны людзей, бо людзі – гэта найважнейшае. І гэтая дыскусія кранае ўсе дэмакратычныя краіны, бо дзяржава заўсёды любіць кантраляваць, а грамадзяне любяць свабоду.
Зараз па ўсім свеце ідзе змаганне з мовай нянавісці. Бо вельмі лёгка крыўдзіць чалавека словам. Як прыклад – абразлівыя каментары ў інтэрнэце ў адрас нацыянальных меншасцяў ці мігрантаў. Распальваецца вельмі моцная грамадзянская дыскусія: наколькі гэта мова нянавісці, а наколькі – проста каментар. Мовай нянавісці займаецца паліцыя альбо пракуратура. Бо нельга ў адрас іншага чалавека, незалежна ад яго веравызнання, нацыянальнасці, колера скуры, выкарыстоўваць словы, якія прыгнятаюць яго годнасць і нават заклікаюць да актаў фізічнага знішчэння чалавека на падставе таго, што ён іншы.
Паводле суразмоўцы, у любой краіне - як дэмакратычнай, так і аўтарытарнай - супольнай задачай журналістаў і праваабаронцаў з'яўляецца стварэнне пляцовак для адказнага абмеркавання гэтай сацыяльна значнай праблемы.