Суд над Валадаром Цурпанавым прызначаны на 26 ліпеня
Валадара Цурпанава затрымалі ў будынку гарадской пракуратуры 30 траўня па абвінавачванні ў непадпарадкаванні міліцыі: нібыта праваабаронца адмовіўся паказваць пашпарт на пасту аховы, калі ўвайшоў. Амаль суткі пасля затрымання пра Цурпанава нічога не было чуваць, пакуль яго не даставілі ў будынак Ленінскага суда вечарам 31 траўня. Яго павінны былі судзіць у той жа дзень, аднак працэс не адбыўся – суддзя Бекешава адправіла пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС. Пра гэта піша сайт "Магілёўскай Вясны".
9 чэрвеня новы пратакол з дапаўненнямі Цурпанава вярнулі ў суд. 28 чэрвеня Валадара выклікалі ў Ленінскі РАУС, каб ён падрабязна растлумачыў факт яго выкрадання супрацоўнікамі міліцыі, як ён сам гэта назваў. Пры гэтым зрабіць копіі матэрыялаў справы яму забаранілі, у выніку чаго праваабаронцу прыйшлося зачытваць некаторую інфармацыю на дыктафон.
Пасля гэтага справа Цурпанава суд адпраўляў на дапрацоўку яшчэ раз. Толькі з чацвёртай спробы міліцыі ўдалося дамагчыся разгляду справы ў судзе.
Пасяджэнне адбудзецца ў судзе Ленінскага раёна 26 ліпеня ў 15.00. Сам праваабаронца раней у інтэрв'ю “Магілёўскай Вясне” казаў, што яму, хутчэй за ўсё, дадуць суткі з-за таго, што ён ужо паспеў правесці ноч у Ленінскім РАУС:
- Райаддзел міліцыі і суд цяпер апынуліся ў нязручным становішчы, бо я ўжо правёў суткі ў Ленінскім РАУС. Такім чынам, мне яны павінны «пакрыць» хаця б тое, што я ўжо адбыў. Можа, дадуць двое сутак.
Раней адно з двух адміністрацыйных спраў супраць Валадара Цурпанава ўжо было спынена за адсутнасцю складу правапарушэння.