viasna on patreon

Вярхоўны суд палічыў законным пакаранне Рыгора Грыка за канцлагерную робу і перадвыбарчы пікет

2016 2016-07-23T14:56:49+0300 2016-07-27T15:38:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarhouny_sud_rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вярхоўны суд не знайшоў падстаў для адмены рашэння суда г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Такі адказ за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Руслана Аніскевіча на сваю скаргу атрымаў  баранавіцкі актывіст Рыгор Грык.

Скарга датычыла дзвюх падзеяў верасня 2015 года. 24 верасня Рыгор Грык з’явіўся ў краму, дзе працаваў грузчыкам, у паласатай робе, аналагічнай канцлагернай, пратэстуючы супраць таго, што яму другі год не выдаюць працоўнае адзенне і наогул парушаюць працоўнае заканадаўства. Загадчыца крамы выклікала міліцыю, у выніку на Рыгора Грыка быў складзены пратакол па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. На судзе сведкі з баку загадчыцы крамы гаварылі пра тое, што Грык на працы лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў. Відэазапісаў з крамы, дзе быццам бы лаяўся Рыгор Грык, не праглядалі. Выявілася, што гэтых запісаў ужо няма, іх нібы знішчылі.

Адначасова з абвінавачаннем у дробным хуліганстве суд разглядаў пратакол міліцыі, складзены на Грыка па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Гэта абвінавачанне было вылучана за пікет, праведзены падчас выбарчай кампаніі ў падтрымку Таццяны Караткевіч 27 верасня.

У выніку суддзя Васіль Петрыў прызнаў Грыка вінаватым у парушэнні арт.17.1 ч. 2 і арт.23.34 КаАП і  прысудзіў Рыгору Грыку штраф па дзьвюх адміністрацыйных справах у памеры 30 базавых велічыняў.

Рыгор Грык абскарджваў пастанову суда г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна, але беспаспяхова. Вярхоўны суд таксама падтрымаў рашэнні ніжэйстаячых судоў. У адказе ВС напісана, што довады Рыгора Грыка аб сваёй невінаватасці не знайшлі ў матэрыялах падцверджання. Нязначныя недакладнасці з боку сведкаў загадчыцы крамы несутнасныя.

Рыгор Грык намераны звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства