Сыну блогера Алега Жалнова не дазволілі сустрэцца з Мікалаем Статкевічам
Сыну вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова — Аляксею Мілюкову, які адбывае трохгадовае пакаранне ў Наваполацку на «хіміі», не даюць магчымасці сустракацца з наведвальнікамі.
Ініцыятарам адной з такіх сустрэч выступіў Мікалай Статкевіч, які 17 ліпеня наведваў пікет па збору подпісаў, што адбываўся у гэты дзень у Наваполацку.
Як паведаміў ПЦ “Вясна” праваабаронца Алег Пашкевіч, папярэдне стэлефанаваўшыся з Аляксеем Мілюковым (Жалновым), Мікалай Статкевіч, дамовіўся з ім на сустрэчу.
“У двары выпраўленчай установы адкрытага тыпу №15, Статкевіча разам са мной і яшчэ з двумя знаёмымі, сустрэў маёр міліцыі, які прадставіўся дзяжурным памочнікам начальніка Пятровым Віктарам Віктаравічам. Запытаўшыся з якою мэтай прыехалі 4 чалавекі і пачуўшы ў адказ, што да Мілюкова, маёр запытаўся у Мікалая Статкевіча, кім ён даводзіцца Мілюкову. Атрымаўшы адказ, што ён з’яўляецца яго знаёмым, афіцэр адмовіў у сустрэчы, матывуючы гэта тым, што несваякам сустрэча дазволена толькі са згоды кіраўніка выпраўленчай установы. Свае дакументы Пятроў В.В. прадставіць адмовіўся, а пазней Аляксей Мілюкоў у тэлефоннай размове падцвердзіў, што дзяжурным памочнікам у той дзень сапраўды быў Пятроў В.В”.
Нагадаем, што супраць сына вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова — Аляксея Мілюкова, які адбывае трохгадовае пакаранне ў Наваполацку на «хіміі», была распачатая крымінальная справа. Яму выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула «Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі», якое выявілася ў парушэннях рэжыму ўтрымання.
18 ліпеня 2014 года бабруйскі суд пакараў трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчых калёніях адкрытага тыпу жыхара Бабруйска Жалнова-малодшага.
Яго асудзілі паводле артыкула «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Пасля суду Аляксей адбываў пакаранне ў Гомелі. Спрабаваў дамагчыся пераводу на гэтак званую «хатнюю хімію» ў Бабруйск. Паводле бацькі, сынавы намаганні не далі плёну: Аляксею толькі вынеслі два спагнанні і перавялі яго ў Наваполацк.
Інцыдэнт паміж Жалновымі і міліцыянтамі здарыўся ў верасні 2014 году ля будынку бабруйскага ДАІ. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цвердзіць, з парушэннем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых, як яны сцвярджалі, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Найбольш пацярпеў Жалноў-малодшы, на якога надзелі кайданкі.