Разгляд справы расіянкі Марыіі Рымар перанесены
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 19 ліпеня пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы актывісткі з Самары Марыі Рымар. Яе вінавацяць у непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы (арт 23.4 КаАП). Нібыта актывістка адмаўлялася прайсці для разбіральніцтва з памежнікамі ў аэрапорце, не аддала супрацоўнікам міліцыі свой пашпарт.
Напачатку разгляду справы Рымар заявіла хадайніцтва пра выклік у суд сведкаў, а таксама пра далучэнне да матэрыялаў справы відэазапісу інцыдэнту з Нацыянальнага аэрапорту. Суддзя задаволіла хадайніцтвы і перанесла судовае паседжанне на 12 гадзін 1 жніўня.
Марыю Рымар затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" 7 ліпеня па падазрэнні ў заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы і ўзбудзілі крымінальную справу па ч.1 арт. 340 КК Беларусі (Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы). Яна няўдала пажартавала, паведаміўшы памежнікам, што быццам у сваёй сумцы вязе траціл. Рымар затрымалі змясцілі ў СІЗА. Ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
19 ліпеня стала вядома, што Марыя Рымар адпушчаная пад заклад. Пра гэта паведамляў сайт volga.news са спасылкай на яе мужа Андрэя Рымара.