Мінгарвыканкам не дазволіў арганізаваць вулічнае шэсьце і мітнг у цэнтры сталіцы. Улады дазволілі актывістам Маладога Фронту правесьці 24 лістапада толькі мітынг на плошчы Бангалор.
Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец паведаміў Беларускай Свабодзе, што нягледзячы на такое рашэньне ўладаў, акцыя пад назваю “Не — фальшывым рэфэрэндумам!” пачнецца 24 лістапада ў 17.30 на плошчы Якуба Коласа. Маладафронтаўскі лідэр лічыць, што акцыя пратэсту супраць магчымага рэфэрэндуму ў справе трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі павінна праходзіць толькі ў цэнтры гораду.
Гэтае шэсьце і мітынг пратэсту прымеркаваныя да сёмай гадавіны канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году. Акцыю ўжо падтрымалі вядомыя ў Беларусі палітыкі, кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў і дзеячы культуры. Адзін з заяўнікаў акцыі “Не — фальшывым рэфэрэндумам!” Артур Фінкевіч за распаўсюд улётак пакараны 15-сутачным арыштам, і цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні.