viasna on patreon

Таццяне Аляхновіч прысудзілі гіганцкі штраф

2016 2016-07-15T09:25:27+0300 2016-07-15T11:02:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aliahnovich4_logo_1_logo.jpg
Таццяна Аляхновіч. Фота "Новы Час".

Таццяна Аляхновіч. Фота "Новы Час".

14 ліпеня адбыўся суд па справе мінскай прадпрымальніцы Таццяны Аляхновіч, гісторыю якой мы публікавалі раней. Прысуд уражвае — 225 базавых велічынь, гэта прыкладна 2400  долараў.

Нагадаем, Таццяну Аляхновіч вінавацяць у парушэнні правілаў гандлю — у прыватнасці, быццам бы за наяўнасць у кавярні пратэрмінаваных прадуктаў на суму каля шасці рублёў (тры долары). Па выніках праверкі супрацоўнікі Мінгандлю вынеслі прадпісанне зачыніць кавярню, а сама прадпрымальніца з нервовым зрывам патрапіла на месяц у шпіталь. За час прастою міні-кавярні  жанчына ўжо страціла каля 70 млн. рублёў — у гэтую суму ўваходзяць кошт арэнды, падаткі, выдаткі на камунальныя паслугі. Каб разлічыцца з пазыкамі Таццяна Аляхновіч была вымушана прадаць кавярню — цяпер на тым месцы працуе іншы чалавек. 

Аднак на гэтым нервовыя і фінансавыя траты не скончыліся — сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска прайшоў адміністрацыйны працэс паводле двух пратаколаў, складзеных рэвізорамі Мінгандлю (пра сутнасць парушэнняў, якія прыпісваюцца Таццяне Аляхновіч, можна пачытаць тут). Падтрымаць прадпрымальніцу прыйшло каля дзесяці чалавек, сярод іх — лідары прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч і Алесь Макаеў. У судзе прысутнічалі і некалькі невядомых мужчын — ужо пасля суду грамадскія актывісты пазналі ў іх супрацоўнікаў КДБ.

З боку Міністэрства гандлю ў якасці эксперта прысутнічала Наталля Васілеўская — кіраўніца аддзела кантролю па Мінску. Рэвізоры Алена Ярашэвіч і Аляксандр Кульбакін, якія непасрэдна і праводзілі праверку ў кавярні, выступалі ў якасці сведкаў.

Што праўда, паўнавартаснымі выступамі іх аповеды цяжка назваць — сведкі гаварылі завучанымі фразамі, ледзь не даслоўна паўтаралі змест пратаколаў. Як толькі суддзя альбо Таццяна Аляхновіч з адвакатам задавалі пытанні — Ярашэвіч і Кульбакін пачыналі блытацца, казалі, што не памятаюць дэталяў, а часам і супярэчылі адзін аднаму. Так, Алена Ярашэвіч апавяла, што прамежкавы пратакол па праверцы быў складзены прама ў кавярні на ноўтбуку прадпрымальніцы, а Кульбакін заявіў, што ніякіх тэхнічных сродкаў для складання дакументаў ніхто ім не прадстаўляў, і пратакол наогул у кавярні не складалі. Таксама Алена Ярашэвіч не змагла ўцямна патлумачыць, якімі беларускімі заканадаўчымі актамі вызначана, што на цэнніках нельга пісаць скарачэнні «РБ» і «РФ», а трэба пісаць поўныя назвы краін-вытворцаў. Тым не менш, суддзя Ганна Буйноўская не звяртала на падобныя праколы ўвагі. 

Дарэчы, ніхто з прадстаўнікоў Мінгандлю не змог патлумачыць, на падставе чаго было вынесена прадпісанне правесці праверку менавіта ў гэтай міні-кавяні. Таццяна Аляхновіч выказала версію, што гэта была замова —нехта адмыслова хацеў вышчаміць яе з месца працы, каб пасля, верагодна, працаваць там самому.

Падчас суду высвятлілася, што ж гэта за таямнічыя людзі прысутнічалі на праверцы разам з рэвізорамі — Аляксандр Кульбакін неахвотна прызнаўся, што гэта былі журналісты газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Справядлівыя пытанні Таццяны Аляхновіч пра тое, на якой падставе невядомыя людзі, якія нават не прадставіліся, здымалі у памяшканні кавярні ды глядзелі ўнутраныя камерцыйныя дакументы, суд таксама пакінуў без адказу.

Адвакат прадпрымальніцы акцэнтаваў увагу на сумме «пратэрміноўкі» — самага важнага правапарушэння —усяго каля 6 рублёў. І прапанаваў спыніць працэс за нязначнасцю парушэння. Наталля Васілеўская ў адказ пафасна заўважыла, што ўсе правапарушэнні істотныя, і што ў справах з прадуктамі харчавання «нязначнага» не бывае.

Па ўсіх прэтэнзіях, апісаных у пратаколах, Таццяна Аляхновіч дала тлумачэнні і выказала нязгоду. Сведкі і эксперт, у сваю чаргу, казалі адваротныя рэчы. Падаецца, прагляд запісу відэаздымкі, якая вялася ў кавярні, мог бы дапамагчы вызначыць, хто хлусіць? 

Аднак Ганна Буйноўская палічыла іначай — суддзя завіла, што відэазапіс не можа быць доказам, а таму глядзець і прыкладаць да справы яго не будзе. Тым не менш, у матэрыялах справы прысутнічалі фотаздымкі, зробленыя рэвізорамі ў кавярні. Прысутных пазабавіла катэгарычна адмоўная пазіцыя Наталлі Васілеўскай з нагоды хадайніцтва пра відэазапіс — маўляў, з моманту праверкі прайшло больш за два месцы і назапісваць можна было шмат чаго.

Мікалай Аўтуховіч пачаў абурацца адмовай суддзі прагледзець відэа, а таксама яе строгім стаўленнем да Таццяны Аляхновіч, якой, у адрознені ад сведкаў, не далі магчымасці расказаць гісторыю сваімі словамі, а патрабавалі адказаў на канкрэтныя зададзеныя пытанні. За выклікі з залы прадпрымальніку і яшчэ некалькім людзям загадалі выйсці — сыходзячы, Мікалай Аўтуховіч назваў паседжанне цыркам.

Па выніках разгляду справы, які цягнуўся каля чатырох гадзін, суддзя прызнала Таццяну Аляхновіч вінатавай і прысудзіла штраф 225 базавых велічынь (максімальна магчыма — 500 базавых). Цяпер Таццяна Аляхновіч будзе рыхтаваць дакументы для абскарджвання гэтага прысуду. Нашая газета будзе далей сачыць за гэтай справай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства