Рыгора Кастусёва выклікалі на паўторны суд за Дзень Волі
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 8 ліпеня атрымаў СМСку з суда Савецкага раёна горада Мінска. Тэлефоннае паведамленне ўтрымлівала тэкст наступнага зместу: “Вы, Кастусёў Р. А., выклікаецеся ў якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс у суд Савецкага раёна г. Мінска, па адрасе: Лагойскі тракт, д.3 кабінет 29 к 11:30 гадзінам 21.07.2016 па справе Кастусёва Р. А. па ч. 1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (т.2808147 сакратар Меркулава).
Палітык звязвае свой выклік у суд з паўторным разглядам справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, нібыта здзейсненым Кастусёвым падчас святкавання Дня волі 25 сакавіка.
Нагадаем, што суддзя суда Савецкага раёна Мінска Наталля Драчова пакарала Рыгора Кастусёва штрафам у памеры 30 базавых велічынь за удзел “у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” паводле артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь.
Рыгор Кастусёў, які быў адным з арганізатараў святкавання Дня Волі, не пагадзіўся з пастановай суда Савецкага раёна Мінска і абскардзіў яго рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе.
17 чэрвеня 2016 г. суддзя Мінскага гарадскога суда Валерый Камісараў скасаваў рашэнне аб пакаранні Рыгора Кастусёва штрафам з-за шматлікіх памылак, дапушчаных пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні і падчас судовага пасяджэння ў судзе Савецкага раёна. Адміністрацыйная справа ў адносінах Кастусёва, згодна рашэння Мінскага гарадскога суда, была накіраваная на новы разгляд у суд Савецкага раёна да іншага суддзі.
21 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска паўторна разгледзіць адміністрацыйную справу ў адносінах Рыгора Кастусёва. Сам палітык лічыць, што ніякіх правапарушэнняў падчас святкавання Дня Волі ён не здзяйсняў, таму, пры справядлівым разглядзе справы, суд павінен вынесці апраўдальнае рашэнне.
Святкаванне Дня Волі ў сакавіку гэтага года ажыццяўлялася з дазволу Мінскага гарвыканкама. Нягледзячы на гэта, шэраг удзельнікаў мерапрыемства былі пакараныя штрафамі за ўдзел у “несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.
Рыгор Кастусёў збіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Шклоўскай выбарчай акрузе №90.