viasna on patreon

У Маладзечне асудзілі ўдзельнікаў пікету супраць неэкалагічных свінакомплексаў

2016 2016-06-12T21:36:00+0300 2016-06-13T08:54:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maladechna-piket-2016-05-12-2.jpg
Пікет у Маладэчна 12 траўня 2016 года.

Пікет у Маладэчна 12 траўня 2016 года.

10 чэрвеня ў Маладзечне адбыліся суды над удзельнікамі пікета супраць будаўніцтва свінакомплексаў. 

Адміністратыўныя справы разглядаліся ў судзе Маладзечненскага раёну сумнавядомым суддзёй Паўлам Жачко, які 16 траўня ўжо асудзіў аднаго з удзельнікаў пікета – Паўла Сяргея, актывіста грамадзянскай экалагічнай ініцыятывы “Кошт жыцця”, на 7 сутак арышту.

Старшыня Барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Алесь Абрамовіч асуджаны па ч. 3 арт. 23.34 да штрафу ў памеры 40 базавых велічынь.

Каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч аштрафаваны на 30 базавых па ч. 2 арт. 23.34.

Як пракаментаваў Павел Пракаповіч: “На суткі не збіраўся нават пасля арышту Паўла Сяргея, бо разумеў, што ў нашым выпадку ўладам пажадана па-ціхаму вынесці спагнанні і “праехаць” гэту сітуацыю. Непрыемна і агідна знаходзіцца на разглядах адміністратыўных спраў, дакладна ўсведамляючы ступень самастойнасці суддзяў, глядзець, як суддзя імкнецца выконваць працэдуры, як акуратна сочыць за тым, каб на яго пытанні падсудныя адказвалі стоячы. Страшна ўявіць, што нас чакае далей. Колькі часу яшчэ мы здолеем пражыць у неправавой дзяржаве, дзе патрабаванні народу нічога не значаць? Сабралі тысячы подпісаў супраць свінакомплексаў, а яны пляваць хацелі. Цярпенне людзей ўжо на мяжы”.

Нагадаем, 12 траўня ў Маладзечне прайшоў несанкцыянаваны пікет насупраць Маладзечненскага выканкама. Актывісты патрабавалі неадкладна спыніць будаўніцтва свінакомплекса ля вёскі Соўлава і паўторна правесці грамадскія слуханні па свінакомплексах ля Соўлава і Палачан, якія прайшлі з сур’ёзнымі парушэннямі і на фоне шматлікіх пратэстаў жыхароў рэгіёна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства