viasna on patreon

Гары Паганяйла: Прырода ўлады не змяняецца

2016 2016-06-13T08:23:21+0300 2016-06-13T08:23:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Гары Паганяйла

Праваабаронца Гары Паганяйла

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра магчымыя рэпрэсіі падчас парламенцкай кампаніі-2016, пра  тактыку сёняшніх уладаў у адносінах да апазіцыі, пра палітвязняў і гучныя палітычныя справы.

“Улады, дэманструючы Захаду пэўны лібералізм, наўрад ці захочуць псаваць адносіны з Захадам, якія толькі нядаўна пачалі паляпшацца, – кажа Гары Паганяйла. – І наўрад ці пойдуць на жорсткія рэпрэсіі, каб не справакаваць сітуацыю. Хаця, думаю, тых, хто выйдзе за межы дазволенага, могуць і жорстка пакараць. Мне падаецца, у цэлым парламенцкая кампанія пройдзе спакойна і для большасці выбаршчыкаў не цікава. Вынік таксама прадказальны – парламент будзе напоўнены тымі, каго хоча там бачыць улада”.

– Як вы мяркуеце, ці пойдзе ўлада на рэпрэсіі падчас выбараў?

– Па вялікаму рахунку, выбары ў Палату прадстаўнікоў не ўяўляюць ні вялікага публічнага, ні палітычнага інтарэса. Гэта мерапрыемства для вузкага кола амбіцыйных асобаў, якія вырашаць паспрабаваць свае сілы ў палітычнай кампаніі, каб атрымаць доўгачаканы мандат.

Таму ўлады, дэманструючы Захаду пэўны лібералізм, наўрад ці захочуць псаваць адносіны з Захадам, якія толькі нядаўна пачалі паляпшацца. І наўрад ці пойдуць на жорсткія рэпрэсіі, каб не справакаваць сітуацыю. Хаця, думаю, тых, хто выйдзе за межы дазволенага, могуць і жорстка пакараць. Хаця ўмовы агітацыі самі па сабе жорстка прадстаўлены ў законе, і мясцовыя адміністрацыі наўрад ці пойдуць насустрач дэмакратычным кандыдатам.Тут нічога не паробіш – рэжым застаецца ранейшым. Ніякіх сістэмных зменаў у вобласці захавання правоў чалавека ўсё роўна ж няма. Проста напускаецца “дэмакратычны туман”, пускаецца пыл у вочы еўрачыноўнікам – і ўсе застаюцца задаволенымі. Мне падаецца, у цэлым парламенцкая кампанія пройдзе спакойна і для большасці выбаршчыкаў не цікава. Вынік таксама прадказальны – парламент будзе напоўнены тымі, каго хоча там бачыць улада.

– У такой сітуацыі ўлады не зацікаўлены, каб з’яўляліся новыя палітвязні?

– У прынцыпе – так, хаця ўлады ніколі не прызнавалі наяўнасць у краіне палітзняволеных. І зразумела – чаму. З іншага боку я не выключаю, што новыя палітзняволеныя могуць з’яўляцца ў краіне з-за розных сітуацый. Вось, напрыклад, справа Алесі Садоўскай. Маладая маці, каб абараніць сваё дзіця, пачала грамадскую актыўнасць, пайшла супраць сістэмы, а ў выніку суд накіраваў жанчыну на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку на 6 месяцаў, забралі дзіця.

Жорстка ўлады абыйшліся з маладой маці? Так. Можна гэтую справу лічыць палітычнай? Па вялікаму рахунку – можна. Яна на працягу чатырох гадоў змагаецца з міліцыяй, судамі, мясцовымі ўладамі. Тым не менш, дзіця ёй не вяртаюць, спрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за скандал у аддзеле адукацыі, які інспіраваў ўсю гэтую сітуацыю. І, калі яе пазбавяць волі, Алесю Садоўскую праваабаронцы, мяркую, прызнаюць палітвязнем. Доўгі час яе хацелі зрабіць псіхічна хворай, яна была ў клініцы (і гэта таксама ацэньваем, як заключэнне). Гісторыя цягнецца ўжо некалькі гадоў. Паглядзім, чым справа закончыцца.

– Адным словам, палітычныя працэсы працягваюцца?

– Безумоўна. Улада не змяніла сваю прыроду, і тыя, хто актыўна супраціўляецца сістэме, трапляюць пад рэпрэсіі. Вядома, што і беларуская судовая сістэма цесна ўплецена ў гэтыя працэсы. Таму нельга выключаць з’яўлення новых фігурантаў, якіх праваабаронцы, міжнародная праваабарончая супольнасць будзе прызнаваць палітычнымі зняволенымі.

– Зараз за кратамі знаходзіцца Міхаіл Жамчужны, якога праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнем…

– Так, але пра гэтага палітвязня кажуць на розных узроўнях не так шмат, як пра таго ж Мікалая Статкевіча, калі той знаходзіўся ў няволі. Яно і зразумела. Гэтая справа з аднаго боку ўнікальная, а з другога – там мала інфармацыі для грамадскага рэзанансу вакол гэтага палітвязня. Мы палічылі, што справа справакавана спецслужбамі. Пры гэтым у асноўным, напэўна, больш, каб даказаць уласную значнасць і эфектыўную працу. Хаця, як мне падаецца, нічога не даказалі, бо Жамчужнага так і не абвінавацілі ў шпіянажы.

Мы, безумоўна, не ўхвальваем тыя метады, што прымяняў кіраўнік праваабарончай установы “Платформа” Міхаіл Жамчужны, але, тым не менш, і ўладныя структуры павялі сябе такім чынам, што праваабаронцы вымушаны былі прызнаць Жамчужнага палітвязнем. Спецслужбы няправільна дзейнічалі, калі правакавалі чалавека на злачынства, і рашэнне суда было неадэкватнае таму, што актывіст зрабіў.

– Ці можа міжнародная грамадскасць паўплываць на хутчэйшае вызваленне палітвязня?

– Наўрад ці міжнародная грамадскасць будзе рэзка ўмешвацца ў гэтую сітуацыю. Міхаіл Жамчужны – не яркі палітык ці грамадскі дзеяч. Тыя метады, якія ён выкарыстоўваў, асуджаюцца праваабарончай супольнасцю. Сама сітуацыі і мера пакарання таксама не кажа пра тое, што гэтага чалавека трэба тэрмінова ратаваць і змагацца, выкарыстоўваючы міжнародныя рычагі. Хаця ў той жа час беларускія праваабаронцы пры магчымасці будуць падымаць гэтую тэму і настойваць на хутчэйшым вызваленні палітычнага вязня.

– Як вы ўвогуле ацэньваеце тую сітуацыю, што склалася сёння ў краіне?

– Мы толькі што правялі чарговы сход Беларускага Хельсінкскага Камітэта, і там была прынята рэзалюцыя, у якой закраналася тэма правоў чалавека ў Беларусі. І мы канстатавалі, што, як ужо казаў раней, рэальных зменаў у краіне не адбылося. Сістэмных рэформ у вобласці правоў чалавека няма. Рэжым зменшыў рэпрэсіўныя абароты, спрабуе паказаць цывілізаваны твар Захаду, абяцае эканамічныя і іншыя рэформы. Але прырода ўлады не змяняецца. А адсюль і жадання праводзіць глыбокія рэформы няма. Мы ж гадамі назіраем ваганні ўлады – рэпрэсіі залежаць ад палітычнай сітуацыі ў краіне. Абвастраецца сітуацыя – з’яўляюцца рэпрэсіі. І з’яўляюцца палітвязні. Калі больш-менш спакойная сітуацыя, значыцца менш і рэпрэсій. Альбо яны будуць больш прыхаванымі. Напрыклад, не будзе арыштаў, не будзе брутальных разгонаў масавых акцый. Але актывістаў мірных сходаў, хутчэй за ўсё, будуць і надалей душыць штрафамі, як і зараз гэта робяць. Хаця ў краіне па-ранейшаму праблемы з рэгістрацыяй недзяржаўных арганізацый, ціснуць на незалежныя прафсаюзы, маюць месцы звальненні з працы актывістаў. Усё гэта працягваецца. Проста робяць усё не так адкрыта і не так жорстка.

– Высокія чыноўнікі заяўляюць, што ўсё гэта робіцца, каб у краіне захоўваліся мір і спакой…

– Разумееце, на могілках таксама – мір і спакой. Стабільнасць там забяспечана. Безумоўна, у грамадстве ёсць розныя настроі, але беспарадкі нікому не патрэбныя. Тым больш, апазіцыя зусім саслабелая, яна не можа нічога кардынальна вырашыць. Ды і народ добра загналі ў ярмо. Людзі жывуць пад страхам і рэагаваць ні на што не хочуць. Кожны трымаецца за сваё працоўнае месца, за сваё права суіснаваць і не гатовы на нейкія рэзкія рухі.

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства