Беларусь і Кіргізстан — дзе больш свабоды? 5 фактаў ад Алеся Бяляцкага
Сытуацыя з правамі чалавека ў Кіргізстане няпростая, але ўмовы для дзейнасьці праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасьці і прэсы ў Кіргізстане больш вольныя, чым у Беларусі. Такое меркаваньне выказаў Свабодзе віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH), старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Сам ён 7-9 чэрвеня знаходзіўся ў Бішкеку ў складзе міжнароднай праваабарончай дэлегацыі.
Закон аб «замежных агентах» спісалі ў Расеі
«У Кіргізстане таксама ёсьць дастаткова сур’ёзныя сыстэмныя праблемы. Пасьля таго, як Кіргізстан уступіў у ЭАЭС, адчувальна, што ў апошнія 1-2 гады сытуацыя з правамі чалавека стала пагаршацца, і тыя аўтарытарныя стандарты кіраваньня дзяржавай, якія ўціскаюць правы чалавека, якія ёсьць у Казахстане, Расеі і Беларусі, — яны, мне падаецца, пачынаюць паступова наплываць і на Кіргізстан. Гэта вельмі бачна па законе аб „замежных агентах“, які быў сьпісаны ў Расеі і прапанаваны некаторымі дэпутатамі на разгляд у парлямэнт Кіргізстану. Але, дзякуй Богу, здаровы сэнс узяў верх, і гэты закон літаральна нядаўна быў адхілены нязначнай большасьцю», — кажа Бяляцкі.
Уціск нацыянальных меншасьцяў
Паводле слоў старшыні ПЦ «Вясна», найбольш складаная сытуацыя назіраецца на поўдні Кіргізстану, дзе пражываюць узбэкі:
«Бачна, што сытуацыя не такая простая. Самая галоўная праблема з парушэньнем правоў чалавека існуе на поўдні, дзе жыве ўзбэцкая меншасьць. У такіх гарадах, як Ош, Джэлалабад, грамадзкім арганізацыям, праваабаронцам, журналістам працаваць вельмі цяжка (асабліва калі яны ўзбэкі паводле нацыянальнасьці). Там адбываюцца асноўныя парушэньні — незаконныя ператрусы ў офісах грамадзкіх арганізацый, канфіскацыя кампутарнай тэхнікі, сфальсыфікаваныя крымінальныя справы супраць грамадзкіх актывістаў», — адзначае ён.
Палітвязьні
Бяляцкі таксама кажа, што ў Кіргізстане сёньня ёсьць палітвязьні.
«Самы вядомы зь іх — гэта якраз прадстаўнік узбэцкай меншасьці, праваабаронца Азімжан Аскараў, які быў арыштаваны ў 2010 годзе пасьля міжнацыянальных канфліктаў на поўначы Кіргізстану паміж кіргізамі і ўзбэкамі. Яго справу сфальсыфікавалі, незаслужана абвінавацілі і прысудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня. І гэтая справа, вядома, выклікае найбольшую ўвагу праваабаронцаў ва ўсім сьвеце. Мы патрабуем яго неадкладнага вызваленьня, тым больш што прыкладна месяц таму Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэньне па справе Аскарава, адзначыўшы, што ягоныя правы былі парушаныя, і патрабуючы яго вызваленьня», — кажа ён.
Большы ўплыў грамадзкай супольнасьці
У адрозьненьні ад поўначы Кіргізстана ў Бішкеку значна большы ўплыў грамадзкіх арганізацый і прэсы на жыцьцё людзей і структуры ўлады. Тут ужо параўнаньне будзе не на карысьць Беларусі.
Судовы пазоў супраць прэзыдэнта
Бяляцкі адзначае, што ў Кіргізстане часам адбываюцца неверагодныя па мерках Беларусі рэчы. Напрыклад, нядаўна вядомыя кіргіскія праваабаронцы Талекан Ісмаілаў і Азіза Абдзірасулава падалі пазоў у суд на прэзыдэнта Кіргізіі Алмазбека Атамбаева ў абарону гонару і годнасьці. Падставай для пазову стала заява Атамбаева, які абвінаваціў праваабаронцаў у тым, што яны хочуць «парушыць спакой у Кіргізстане і ледзь не рыхтуюць пераварот».
«І суд прыняў гэты пазоў, і судовы працэс цяпер ідзе. Можна сумнявацца ў выніках гэтага суда. Але ўсё ж такі відавочна, што магчымасьці для абароны сваіх правоў, магчымасьці для больш актыўнай грамадзкай дзейнасьці, грамадзкія актывісты ў Кіргізстане маюць. У іх няма праблемаў з рэгістрацыяй грамадзкіх арганізацый, дастаткова актыўна працуюць незалежныя журналісты. Так было заўсёды. Таму трэба сказаць, што хоць сытуацыя няпростая і гэты геапалітычны ўплыў не зусім добры, але тым ня менш, мне падаецца, што ўзровень унутранай і грамадзкай свабоды ў Кіргізстане больш (чым у Беларусі — РС). Я нават упэўнены ў гэтым», — заявіў кіраўнік ПЦ «Вясна».