viasna on patreon

Суд пастанавіў спагнаць з "Народнай волі" 50 мільёнаў рублёў (Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў")

2003 2003-11-18T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

50 мільёнаў рублёў з УП "Народная воля" і па 3 мільёны рублёў з журналісткі
М. Коктыш і былой тэлевядоўцы Э. Язерскай у якасці кампенсацыі маральных стратаў Я. Рыбакова пастанавіў спагнаць Мінскі гарадскі суд, разгледзеўшы касацыйныя скаргі абодвух бакоў. Касацыйны пратэст пракурора Ленінскага раёна А. Стука на рашэнне суда першай інстанцыі быў адкліканы прадстаўніцай гарадской пракуратуры.
У залю, дзе 17-га лістапада а 14.00 распачаліся судовыя слуханні, змаглі ўвайсці толькі 9 чалавек, каля паўтара дзесяткаў журналістаў і прадстаўнікоў грамадскасці засталіся за дзвярыма. На іх пратэсты намесніца старшыні суда Зінаіда Валовік заявіла, што ў звязку з рамонтам слуханні не могуць праводзіцца ў большым памяшканні альбо пры адчыненых дзвярах. Журналісту "Комсомольской правды" адмовілі ў просьбе перадаць у залю паседжанняў дыктафон, хаця слуханні афіцыйна заяўляліся як "адкрытыя".

Судовыя слуханні доўжыліся больш за гадзіну. Пасля перапынку судовая калегія ў складзе суддзяў Жупікавай, Цэсік і Глухоўскай абвесціла вынік: часткова задаволіць скаргу Я. Рыбакова, павялічыўшы суму маральнай кампенсацыі (для газеты - у 5 разоў, для М. Коктыш і Э. Язерскай - у 3 разы).

Для прысутных у залі рашэнне суда было шокам. Яны сустрэлі яго абвяшчэнне воклічамі "Ганьба!".

Рэдактар "Народнай волі" І. Сярэдзіч назваў вынікі суда "палітычнай замовай". "Адбываецца зачыстка інфармацыйнай прасторы для таго, каб сустрэць рэферэндум, парламенцкія і прэзідэнцкія выбары без ніводнай недзяржаўнай газеты", - заявіў ён журналістам.

Вынікі суда пракаментаваў кіраўнік Цэнтра прававой дапамогі СМІ пры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Міхаіл Пастухоў. "Рашэнне Мінскага гарадскога суда, выглядае абсалютна неабгрунтаваным: вышэйшая інстанцыя павялічыла суму, што падлягала спагнанню, у 5 разоў, хаця для гэтага не было ніякіх падставаў. Нават гарадская пракуратура, адмовіўшыся падтрымаць пратэст раённай пракуратуры, не згадвала пра павялічэнне сумы кампенсацыі. З боку зыскоўца не прагучалі ніякія новыя факты. Ды і не маглі прагучаць: самога Рыбакова на працэсе не было, а яго прадстаўнік быў выдалены з залі судовых паседжанняў. Я лічу, што рашэнне суда не адпавядае акалічнасцям і не ўлічвае матэрыяльнага становішча рэдакцыі газеты і іншых адказнікаў. У мэтах аднаўлення справядлівасці неабходна падаваць скаргі ў парадку нагляду".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства