Пратаколы на "Праспекце нацыянальнага сцяга" (абнаўляецца)
14 траўня ў 12.00 распачалася мірная акцыя "Праспект нацыянальнага сцяга" на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Прыблізна пасля 15 хвілін ад пачатку мерапрыемства міліцыя пачала складаць пратаколы на ўдзельнікаў.
Як паведамляюць назіральнікі БХК і "Вясны", каля 6 супрацоўнікаў міліцыі складаюць пратаколы на актывістаў - Пальчэўскага С., Аксаміта Н., Вінярскага М., Кулакова Л., Багінскую Н., Бальшова А. ды іншых - па арт. 23.34 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства". Таксама на плошчы прысутнічаюць і супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы, супрацоўнікі ДАІ.
Удзел у мерапрыемстве бяруць каля 30 чалавек.
Перакрылі частку прашпекту і мыюць вуліцу, каб людзі не бачылі акцыі.
На Аляксандра Мартысевіча склалі адразу два пратаколы: па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, пад асабістым нумарам №Б47349, выклікаў актывіста адразу і ў суд - 1 чэрвеня на 11.00. На гэты ж дзень выклікалі ў суд адразу на плошчы і Мікалая Автуховіча.
А на Дзмітрыя Дашкевіча склалі таксама два пратаколы: па арт. 23.34 і 17.1 "Дробнае хуліганства", за тое, што павесіў сцяг на слуп.
Таксама стала вядома пра затрыманне журналіста Радыё "Свабода" Алега Груздзіловіча, нібыта за тое, што ён выйшаў на праезжую частку. Яго пасадзілі ў машыну і звезлі ў невядомым накірунку.