Алег Груздзіловіч: Мы нагадвалі грамадству пра палітвязняў, пакуль іх не вызвалілі
Да Сусветнага дня свабоды прэсы сайт baj.by падрыхтаваў гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок – дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам – дала адчувальны плён.
Сённяшняя гісторыя – ад журналіста “Радыё Свабода” Алега Груздзіловіча.
– На “Радыё Свабода” я заўсёды займаўся праваабарончымі тэмамі. Хоць у студзені 2011 года гэтымі тэмамі займалася ўся рэдакцыя, бо пасля 19 снежня 2010-га за кратамі апынулася вялізная колькасць актывістаў, палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў, амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты. Хтосьці атрымаў проста адміністрацыйны арышт, але ўжо поўным ходам раскручваўся махавік крымінальнага пераследу.
Таму студзень, люты, сакавік мы былі проста прыкаваныя да гэтай тэмы: размаўлялі з роднымі затрыманых, сустракалі арыштаваных з Акрэсціна, збіралі інфармацыю ад адвакатаў людзей, абвінавачаных па крымінальнай справе.
Недзе ў гэты час я нават вырашыў стварыць падрабязную табліцу пра ўсіх абвінавачаных. Гэту табліцу ўся рэдакцыя потым шмат разоў дапаўняла і карыстаецца ёй па сённяшні дзень.
У табліцу ўносіліся ўсе звесткі пра палітвязняў: па якім артыкуле вінавацілі, хто і калі судзіў чалавека, якія вырак быў вынесены, дзе чалавек адбываў пакаранне і калі быў вызвалены, кантакты родных.
Гэта табліца з 44 прозвішчаў пачыналася Васілём Парфянковым, якога судзілі першым, і сканчалася Алесем Бяляцкім, затрыманым у жніўні 2011 года.
“Свабода” стала сродкам масавай інфармацыі, які найбольш часу прысвячаў палітвязням. Пра многіх з іх грамадству стала вядома менавіта дзякуючы нашай працы, нашым штодзённым кантактам з роднымі, адвакатамі, праваабаронцамі.
Тэма палітычных вязняў была галоўнай на “Свабодзе” да таго часу, пакуль апошні асуджаны не выйшаў з-за кратаў. Мы працавалі дзеля гэтага кожны дзень – у будні і ў святы, 365 дзён на год. Наша праца не давала грамадству на іх забыцца і пакінуць за кратамі.
Думаю, наша пільная ўвага да тэмы і штодзённае нагадванне таксама паспрыялі вызваленню гэтых людзей. Пра гэта казалі і самі вязні, якія пасля вызвалення заўсёды дзякавалі “Радыё Свабода” за тое, што мы не пакідалі іх.