Акцыя памяці да 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі ў Бярозе пад забаронай
Адказ аб адмове ў пікеце “Свечка памяці” за подпісам намесніка старшыні Бярозаўскага райвыканкама праваабаронцы Тамара Шчапёткіна, Сяржук Русецкі і грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч атрымалі 23 красавіка. Распараджэнне аб адмове за подпісам старшыні райвыканкама Юрыя Наркевіча было падрыхтавана 20 красавіка.
Заяўнікі пікету прасілі дазволу на правядзенне “Свечкі памяці” на Цэнтральнай плошчы горада. Калі немагчыма на плошчы, то папрасілі ў любым іншым месцы. Акцыя прымеркавана да 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі. У адказе сказана, што ў пікеце адмоўлена па прычыне таго, што Цэнтральная плошча не ўваходзіць у пералік дазволеных для акцыі месцаў. Чыноўнікі “не заўважылі” прапановы заяўнікаў аб іншым месцы.
Праваабаронцы ўнеслі ў асобным лісце прапанову ідэалагічнаму аддзелу правесці акцыю разам. Цікава тое, што адказ на прапанову быў падрыхтаваны таксама 20 красавіка. Начальнік ідэалагічнага аддзела Таццяна Кавалёк адказала, што пытанне правядзення сумеснай акцыі можа быць абмеркавана толькі пасля атрымання дазволу.
“Свечку памяці” праваабаронцы традыцыйна праводзілі гадоў 6 запар на Цэнтральнай плошчы без запытання дазволу, паколькі гадзіну смутку не лічылі масавым мерапрыемствам. Але потым за ўдзел у акцыі сталі караць у судзе, і гэтая традыцыя прыпынілася.