viasna on patreon

ЗА ЎСТАЛЯВАНЬНЕ КРЫЖОЎ СЯБРЫ КХП БНФ АТРЫМАЛІ СУДОВЫЯ ПАПЯРЭДЖАНЬНІ (Радыё Свабода)

2003 2003-11-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За ўдзел у несанкцыянаванай грамадзкай акцыі пяцёра віцебскіх актывістаў КХП БНФ атрымалі судовыя папярэджаньні. Такое рашэньне вынесла судзьдзя Галіна Зубрыцкая. Цягам трох гадзінаў яна разглядала судовыя справы апазыцыянэраў, затрыманых міліцыянтамі за ўсталяваньне памятных крыжоў на месцах расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсыяў.

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Ніводзін з удзельнікаў не прызнаў сябе вінаватым: ні ў тым, што выйшаў адзначыць сёлетнія Дзяды, ні ў парушэньні дзяржаўнага заканадаўства Беларусі. Затое кожны зь іх адзначыў, што сёньняшняе паседжаньне праводзілася зь відавочнымі парушэньнямі працэсуальных нормаў з боку судзьдзі Кастрычніцкага раённага суду Галіны Зубрыцкай. Гаворыць адзін з падсудных, Ігар Мацьвееў.

(Мацьвееў: ) “У залі прысутнічалі двое сьведкаў-міліцыянтаў. Судзьдзя іх адразу выклікала разам з намі, і ўвесь час яны там прысутнічалі. Я лічу, што такім чынам судзьдзя парушыла працэсуальны кодэкс.”

Дарэчы, для 25-гадовага Ігара Мацьвеева, а таксама для 20-гадовага Алеся Пазьняка вынесенае судзьдзёй папярэджаньне сталася не адзіным пакараньнем за адзначэньне сёлетніх Дзядоў: па затрыманьні хлопцаў яшчэ суткі пратрымалі ў сьледчым ізалятары.

Аднак суд гэтага не ўлічыў. І нават сёньняшняе папярэджаньне, паводле назіраньняў Алеся Пазьняка, не было абвешчанае належным чынам – судзьдзя не зачытала напрыканцы ніякага судовага рашэньня, абмежаваўшыся адзінай фразай “Я вас усіх папярэджваю”.

Яшчэ адзін падсудны, Ян Дзяржаўцаў, зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што да ягонай судовай справы быў прыкладзены зусім іншы, перапісаны наноў міліцэйскі рапарт. Але спадарыня Зубрыцкая ніякім чынам не адрэагавала на ягоную заўвагу.

(Дзяржаўцаў: ) “Спачатку ў пастарунку напісалі рапарт, што мы арганізавалі мітынг, потым перапісалі, што гэта было шэсьце… Пра мяне было засьведчана, што я нёс сьцяг, а сёньня там ужо гэтага няма. Я лічу, міліцэйскі рапарт быў сфальсіфікаваны зноў.”

Падсумаваўшы ўсе заўважаныя парушэньні, пяцёра сябраў КХП БНФ вырашылі падаваць скаргі на незаконныя дзеяньні судзьдзі ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.

Тымчасам яшчэ двое іхных аднапартыйцаў, таксама затрыманых 2-га лістапада, усё яшчэ чакаюць працягу сваіх судовых працэсаў. Суд над Аляксандрам Салаўянам і Ўладзімерам Плешчанкам будзе працягнуты 17-га лістапада.

(Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства