viasna on patreon

Суд у Сьветлагорску завочна аштрафаваў Вячаслава Сіўчыка на 420 тысяч рублёў

2016 2016-03-30T18:34:00+0300 2016-04-04T08:36:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siuchyk.jpg
Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

Сьветлагорскі раённы суд праз СМС выклікаў на 30 сакавіка лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. На яго завялі справу паводле адміністрацыйнага артыкула за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы. Падпісаў паведамленьне судзьдзя Руслан Царук.

Грамадзкая актывістка са Сьветлагорску Алена Ляшэнкаапавяла, што ў прызначаны час прыйшла ў суд, каб прысутнічаць на разглядзе справы. Але пачатку пасяджэньня так і не дачакалася.

Вячаслаў Сіўчык распавёў Свабодзе, што ён не прыехаў на пасяджэньне:

«У нашых судах неяк дзіўна атрымліваецца. Прыходзіць СМС-ка, што празь дзесяць гадзін табе трэба быць ледзь ня ў іншым канцы Беларусі. На паездку ж патрэбны час і грошы. У Сьветлагорску мне няма чаго рабіць. Бо ў нас жа няма незалежнага суду. І справы там ніякай няма, апроч прыдумкі».

Увечары сябры праваабарончага цэнтру «Вясна» даведаліся, што адміністрацыйны пратакол у адносінах да Сіўчыка судзьдзя Царук разгледзеў яшчэ ўранку — без удзелу адказчыка й сьведак.

«Мы нават зьдзівіліся мяккасьці пастановы, — апавядае праваабаронца Алена Масьлюкова. — Судзьдзя Царук аштрафаваў Вячаслава ўсяго на дзьве базавыя велічыні — на 420 тысяч рублёў. Гэта адбылося таму, што віна Сіўчыка сапраўды ўяўная. Да таго ж грамадзкія актывісты сачылі за гэтай адміністрацыйнай справай».

Вячаслаў Сіўчык называе гэтую пастанову суду зьдзекам з заканадаўства:

«Тут чыстая палітыка. Думаю, не для таго яны пратакол складалі, каб даць мне дзьве базавыя велічыні. Для мяне наагул загадка: калі гэты пратакол міліцыя запусьціла? Бо падчас затрыманьня ў Сьветлагорску міліцыянты падсоўвалі мне падпісаць пратакол за хуліганства, ад чаго я, канечне, адмовіўся. Не зьдзіўлюся, што пратакол паступіў у суд учора, ужо пасьля таго, як на Дзень Волі ў сталіцы на мяне склалі ажно тры пратаколы па розных адміністрацыйных артыкулах. Калі ўлады лічаць, што абурэньне чалавека, якому за пяць хвілін да цягніка не даюць зьехаць па надуманых падставах, ёсьць непадпарадкаваньне законным патрабаваньням, то гэта азначае, што прадстаўнікі гэтай улады ляжаць каля карыта і нахабна рохкаюць».

У лютым Вячаслаў Сіўчык разам з актывістам Алесем Макаевым прыяжджалі ў Сьветлагорск, каб сустрэцца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Пасьля сустрэчы позна ўвечары сьветлагорскія міліцыянты затрымалі Вячаслава Сіўчыка й Алеся Макаева, якія на вакзале чакалі цягніка на Менск.

Макаеў распавёў падрабязнасьці затрыманьня: «Мы выйшлі пакурыць. Зьявіліся міліцыянты, а побач зь імі былі яшчэ й амапаўцы. Спачатку прычапіліся, што курым у неналежным месцы. Запатрабавалі дакумэнты, забралі нашы пашпарты. Сказалі, што будуць іх правяраць, а нас — затрымліваюць. Сіўчык запатрабаваў тлумачэньняў, голасна заявіў, што яны парушаюць закон. Да цягніка заставалася ўсяго нейкіх пяць хвілін. Яны сталі круціць Сіўчыку рукі, надзяваць кайданкі. Усё гэта здымалі на відэакамэру. Нас забралі ў пастарунак. Пра курэньне забыліся. Спрабавалі вінаваціць, што мы нібыта нецьвярозыя. Мы заяўлялі: „Дык вязіце на экспэртызу!“. Але на мэдычны агляд нас не павезьлі. Трымалі нас у пастарунку каля трох гадзін. Ніякіх пратаколаў мы там не падпісвалі. Выпусьцілі нас глыбокай ноччу, калі ніякі транспарт у бок Менску ўжо не хадзіў».

Наўздагон на Вячаслава Сіўчыка быў складзены пратакол нібыта за непадпарадкаваньне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства