viasna on patreon

Аб чым прамаўчаў на судзе асуджаны да смяротнага пакарання Іван Кулеш?

2016 2016-03-30T12:05:35+0300 2016-03-31T10:53:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kulesh-ivan-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Кулеш у Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

Іван Кулеш у Вярхоўным судзе. Фота: spring96.org

29 сакавіка Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага раёна Івана Куляша. 20 лістапада 2015 года Гарадзенскім абласным судом ён быў прызнаны вінаватым у забойстве трох прадаўцоў у Лідскім раёне і іншых злачынствах.

У шэрагу падобных разглядаў скаргаў асуджаных да смяротнага пакарання ў Вярхоўным судзе праваабаронцы адзначаюць у справе Івана Куляша пэўныя асаблівасці і інтрыгі.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, які сачыў за ходам працэсу ў Вярхоўным судзе, называе некаторыя акалічнасці гэтай справы:

"Упершыню касацыйная скарга чалавека, які прыгавораны да смяротнага пакарання ў нашай краіне была разгледжаная ў апеляцыйным парадку. Увогуле, гэта можна было заўважыць у ходзе працэсу па тым, як суддзі актыўна і старанна задавалі пытанні, спрабуючы высветліць самыя розныя аспекты здзяйснення злачынства. Яшчэ адна адметнасць палягала ў тым, што гэта – першая справа такога кшталту, якая была разгледжаная пасля вядомай Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях смяротнага пакарання ў Беларусі, што адбылася 10 сакавіка ў Менску. Менавіта на фоне гэтай рыторыкі размоў і дыскусіі на высокім узроўні пра адмену смяротнага пакарання ў нашай краіне, дата разгляду скаргі па справе Івана Куляша двойчы пераносілася".

Яшчэ адна важная акалічнасць, на якую звяртае ўвагу Андрэй Палуда: “Кулеш увесь час, пакуль чакаў разгляду гэтай справы Вярхоўным судом, казаў сваякам і адвакату, што пад час апеляцыйнага разгляду справы ён распавядзе ўсю праўду. І гэта выклікала пэўную інтрыгу”.

 Ганна Кулеш, сястра Івана, таксама кажа, што ў сваім лісце брат пісаў, што выразна і дакладна выступіць у судзе, паведаміць пра тое, што раней не было вядомае:

"Мы не валодаем інфармацыяй пра што менавіта, але ён мусіў нешта сказаць, аднак чамусці гэтага не зрабіў. Пойдзем на спатканне – магчыма даведаемся ад нешта ад яго".

Яна дадала некалькі словаў пра тое, што “на судзе было бачна: суддзі маглі яму даць шанец, але брат чамусці ўчапіўся ў гонар, нейкія свае прынцыпы, але па атмасферы, па суддзях, было заўважна, што шанец у яго быў (на перасуд) на 98 адсоткаў”.

Андрэй Палуда працягвае разважаць над словамі сястры Куляша:

“Калі паглядзець ранейшыя матэрыялы, апублікаваныя ў СМІ (Напрыклад, артыкул “Пяць пытанняў па справе Івана Куляша, прыгаворанага да расстрэлу” на сайце naviny.by), можна заўважыць, што ўзнікае шмат пытанняў пра справе Куляша, асабліва датычна эпізодаў, якія яму інкрымінавалі ў сувязі з забойствам двух прадавачак у горадзе Лідзе. Таму ўсе мы чакалі на судзе нейкага прызнання, што ён раскрые новыя акалічнасці гэтага забойства.

Але паводзіны Куляша у судзе былі дастаткова дзіўныя: з аднаго боку ён нічога новага не паведаміў, а з іншага – ён увогуле адмаўляўся адказваць нават на ўдакладняючыя пытанні, у тым ліку і суддзяў, адносна эпізодаў, звязаных непасрэдна з забойствам гэтых двух жанчын. Пры гэтым ён канкрэтна прызнаў толькі забойства адной прадавачкі ў Лідскім раёне, што таксама выклікала нейкія пытанні. Пры гэтым, ён сам прасіў пакінуць яму смяротны прысуд, кажучы аб тым, што гэта будзе справядлівым актам у адносінах яго, чалавека які здзейсніў забойства, чалавека, які забіў іншага чалавека”.

Сапраўды, у ходзе працэсу Іван Кулеш казаў, што цалкам згодзен з вынесеным яму прысудам, паколькі пазбавіў чалавека жыцця. Але на пытанне суддзі, ці забіваў ён дваіх прадаўшчыц у Лідзе– адказваць адмовіўся, а вось на пытанне пра забойства адной у вёсцы Сялец – віну сваю прызнаў і просіць пакінуць прысуд у сіле, паколькі лічыць яго справядлівым.

Дыялог суддзі і асуджанага:

– А абставіны здзяйснення забойства двух прадавачак вы прызнаеце?

– Не хачу адказваць.

– А па трэцяй жанчыне, у вёсцы Сялец?

– Так, нешта там адбылося.

– Пра сваю сям'ю можаце нешта распавесці?

– Можна не адказваць?

– Ці ўзгаднялі з адвакатам пазіцыю ў судзе?

– Прашу пакінуць вырак як ёсць, я заслужыў. Пазбавіў жыцця чалавека, цалкам лічу такое справядлівым.

– Чаму так вырашылі?

– Не буду тлумачыць.

– Вы настойліва адмаўляецеся зараз адказваць на пытанні па сутнасці справы, чаму?

– Не магу растлумачыць.

– Абаронца ўзгадняў з вамі падачу скаргі?

– Ён казаў мне, што трэба пісаць.

- Ваша канчатковае рашэнне?

– Прашу прысуд пакінуць такім як ёсць у сіле.

– Да гэтага вас нехта прымушаў?

Гэта маё рашэнне.

“Уражанні ад гэтага судовага паседжання, прынамсі ў мяне, – прызнаецца Андрэй Палуда, – засталіся нейкія дваістыя. На гэта паўплывалі і паводзіны самога Куляша, і чаканні сваякоў, што ён нарэшце распавядзе нешта новае, гэта і лінія паводзінаў суддзяў, якія неяк лагодна ставіліся да працэсу і спрабавалі, на маю думку, высветліць усе акалічнасці справы, якія маглі характарызаваць яго як асобу, высвятлялі моманты жыцця, дзяцінства”.

На судзе Іван Кулеш выглядаў прыгнечаным, маральна надломленым. Але такі маральна-псіхалагічны стан Андрэй Палуда тлумачыць тым, што прысуд аб смяротным пакаранні быў раней ужо вынесены судом першай інстанцыі, асуджаных пасля гэтага перапранаюць у адмысловую робу з надпісам “Выключная мера пакарання” (ИМН):

“Збольшага, асуджаныя ведаюць, што, як правіла, надзеі на станоўчае рашэнне Вярхоўнага суда невялікія. Яшчэ меншыя яны на памілаванне ад імя прэзідэнта. І гэта ня дзіва, бо мы ведаем толькі пра адзіны выпадак з чатырохсот за дваццаць гадоў, калі быў памілаваны смяротнік. Таму і бачны гэты псіхалагічны надлом, а тут яшчэ у Куляша дадаецца ягонае захворванне псіхічнае, хаця экспертызамі вызначана, што гэта не замінала яму даваць сваім дзеянням ацэнку і несці адказнасць за ўчыненае злачынства”.

Адносна рашэння Вярхоўнага суда выказалася і прадстаўнік пацярпелых – сястра адной з забітых Таццяна Радзевіч:

“Я цалкам задаволеная прысудам. Маё стаўленне да смяротнага пакарання ў Беларусі вельмі суб’ектыўнае, бо я знаходжуся ў пазіцыі пацярпелай, таму адпаведна і хочацца, каб чалавек панёс заслужанае пакаранне згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, і толькі на гэтай падставе. Калі б гэта не тычылася маёй сям’і? Нават зараз мне цяжка адказаць, таму што разумею: любы, апынуўшыся на маім месцы, быў бы згодны з наяўнасцю смяротнага пакарання. Разумееце, любы са сваякоў хоча, каб чалавек панёс сапраўды заслужанае пакаранне”.

У размове з праваабаронцамі Радзевіч прыгадала, што пад час рэферэндуму 1996 года яна прагаласавала за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі і ўвогуле ўвесь час ставілася адмоўна да пазбаўлення злачынцаў жыцця.

Сённяшнюю пазіцыю жанчыны праваабаронцы разумеюць, хаця і не падзяляюць: бо згодна з заканадаўствам, цалкам “заслужаным пакараннем” за падобнае злачынства можа быць і пажыццёвае зняволенне, і тэрмін у 25 гадоў, аб чым на судзе настойваў адвакат, карацей, пакаранне, якое не звязанае з пазбаўленнем жыцця. Бо як жа тады выглядае вядомы юрыдычны тэзіс аб тым, што пакаранне мае на мэце выпраўленчы аспект. Хіба забойствам выправіш чалавека?

Магчыма тое, што не захацеў агучыць у судзе 29 сакавіка Іван Кулеш, з часам стане вядомым сваякам, а магчыма гэта застанецца таямніцай, якую ён забярэ з сабою назаўжды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства