viasna on patreon

Палата прадстаўнікоў не стала разглядаць па сутнасці калектыўны зварот з Гомелю - «перакінула» яго на Міністэрства адукацыі

2016 2016-03-22T10:34:57+0300 2016-03-22T10:35:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputatckae_kresla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца з Гомелю Марыя Клімовіч атрымала з Палаты прадстаўнікоў адказ на калектыўны зварот да дэпутатаў, падпісаны шэрагам прадстаўнікоў рэгіянальных аддзяленняў партый, рухаў і ініцыятыў. У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў падпісанты прасілі прыняць меры для таго, каб скарэктаваць палітыку Міністэрства адукацыі, дзяржаўная праграма якой, пералічваючы прыкметы «недабрабыту» ў сям'і, фактычна ставіць знак роўнасці паміж амаральнасцю і беднасцю. Напрыклад, ёсць такія крытэры «недабрабыту», як «доўгі па часе статус малазабяспечанай сям'і і нізкі матэрыяльны ўзровень», «адсутнасць мэблі», «частыя звароты ў сацыяльныя органы за дапамогай», «пазыка перад камунальнымі службамі». «Абсурд – людзі звяртаюцца за дапамогай у сацыяльныя службы, якія для гэтага і створаны, але замест дапамогі атрымліваюць статус «сацыяльна-небяспечных», ці ў іх забіраюць дзяцей», - звярталі ўвагу заяўнікі. Яны нагадвалі, што ў разрад «сацыяльна-небяспечных» могуць трапіць сем'і і з дастатковым прыбыткам, таму што размытая фармулёўка «абыякавасць да дзіцяці і адсутнасць клопату і ўвагі» дазваляе прад'явіць прэтэнзіі каму заўгодна. Выклікае насцярожанасць і пункт крытэраў Праграмы «устойлівае ўхіленне бацькоў ад кантактаў спецыялістаў, ігнараванне іх рэкамендацый».

У Гомелі зафіксаваныя выпадкі, калі дзяцей забіралі ў бацькоў, якія маюць невысокія інтэлектуальныя здольнасці, і толькі на гэтай падставе. «Няўжо ў казённых сценах з адукаванымі спецыялістамі дзіцяці будзе лепш, чым з роднымі бацькамі? На выхаванне дзяцей матэрыяльны дабрабыт істотна не ўплывае, а ў Гомелі ў жанчыны, дарэчы, унучкі Героя Савецкага Саюза Івана Зайцава забралі дзіця на той падставе, што яна не магла аплаціць падвод газавага ацяплення, і гэта пры тым, што яна не п'е, працуе», - падкрэслівалася ў звароце.

Адказ з ПП НС быў лаканічны: ваш зварот перададзены для разгляду па сутнасці ў Міністэрства адукацыі. Разам з тым, зварот быў адрасаваны менавіта дэпутатам – як народным выбраннікам. «Шэраг праблем, якія мы паднялі ў звароце – яны вельмі сур'ёзныя. Але як бачна, дэпутаты не адчуваюць сваёй адказнасці перад выбарцамі, і занепакоенасці з-за такіх сітуацый не выказваюць. Узнікае пытанне: кім лічаць сябе дэпутаты? Народнымі выбраннікамі? Ці жыхарамі нябёсаў? Але, калі мы чыталі Гамера, то ведаем, што нават багі-алімпійцы былі неабыякавымі да зямных спраў», - пракаментавала адказ Марыя Клімовіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства