viasna on patreon

Human Rights Watch: Сітуацыя з правамі челавека ў Беларусі не палепшылася

2016 2016-01-27T16:51:27+0300 2016-01-27T16:51:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrw-logo.jpg
Human Rights Watch

Human Rights Watch

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася. Пра гэта гаворыцца ў новым штогадовым дакладзе аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце, які апублікаваны на сайце праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.

«Аляксандр Лукашэнка вызваліў па гуманістычных матывах шасцярых палітычных зняволеных, але ў цэлым сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася», — адзначаецца ў дакладзе.

Human Rights Watch падкрэслівае, што ў Беларусі па-ранейшаму ўжываецца смяротнае пакаранне, і ў 2015 годзе не было зроблена ніякіх крокаў для ўвядзення мараторыя на яго прымяненне.

У краіне працягваюцца націск на актывістаў і іх затрыманне, пераслед незалежных журналістаў, адзначаюць аўтары дакладу.

Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў кастрычніку 2015 года, на думку Human Rights Watch, былі недастаткова празрыстымі з-за шэрагу парушэнняў, у тым ліку падчас працэдуры падліку галасоў.

Адзначаецца таксама, што, хоць Беларусь пачала першы дыялог з ЕС па пытаннях правоў чалавека, улады па-ранейшаму адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам ААН па сітуацыі ў Беларусі.

Сярод пазітыўных крокаў у дакладзе называецца падпісанне Беларуссю канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Але пры гэтым адзначаецца, што Беларусь усё яшчэ не зрабіла ўсіх неабходных крокаў для паўнавартаснага ўдзелу ў канвенцыі.

Улады, канстатуюць аўтары дакладу, працягваюць практыку адвольных затрыманняў, вобшукаў і пераследу апазіцыйных і грамадзянскіх актывістаў. Сярод прыкладаў яны згадваюць выпадак з праваабаронцай Аленай Танкачовай, якой анулявалі від на жыхарства ў Беларусі, а таксама вобшук у магілёўскім офісе закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» і пераслед праваабаронца Леаніда Судаленкі.

У дакладзе таксама адзначаецца, што ў снежні 2014 года без грамадскага абмеркавання былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія надзялілі Міністэрства інфармацыі правам блакавання інтэрнэт-рэсурсаў без рашэння суда. У канцы снежня 2014 года «міністэрства блакавала дзясятак інтэрнэт-сайтаў, у тым ліку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН», гаворыцца ў дакладзе.

Human Rights Watch таксама звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі працягвае дзейнічаць артыкул Крымінальнага кодэкса аб забароне на ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства