Круглянскі райвыканкам адказаў адпіскай на калектыўны зварот жыхароў Бялыніцкага раёна па экалагічнай праблеме
Грамадскі актывіст з Бялыніч Пётр Шымбалёў 26 студзеня атрымаў адказ з Круглянскага райвыканкама на калектыўны зварот жыхароў Бялыніцкага раёна з патрабаваннем спыніць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства пры эксплуатацыі гідраэлектрастанцыі, якая знаходзіцца ў аграгарадку Цяцерына Круглянскага раёна.
У адказе, падпісаным старшынёй Круглянскага райвыканкама Анатолем Шчуплянкова, падрабязна распавядаецца пра гісторыю і параметры працы Цяцерынскай ГЭС, а таксама пра поспехі Круглянскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў змаганні з браканьерамі, аднак няма практычна ніякай інфармацыі па сутнасці ўзнятай бялынічанамі праблемы.
“Я не чакаў, што старшыня Круглянскага райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў адкажа на калектыўны зварот дзесяткаў жыхароў суседняга Бялыніцкага раёна такой фармальнай адпіскай, - кажа ініцыятар напісання звароту Пётр Шымбалёў. – Мы скардзіліся на тое, што, у выніку непрадуманых дзеянняў пры эксплуатацыі Цяцерынскай ГЭС, перапад узроўню вады ў рацэ Друць на працягу дня часцяком складае больш за адзін метр. У выніку гэтага гіне расліннасць і іхтэафаўна, рака на тэрыторыі Бялыніцкага раёна паступова ператвараецца ў балота. Рацэ Друць наносіцца велізарныя экалагічныя страты, якія цяжка падлічыць. Адпаведныя прыродаахоўныя органы і арганізацыі Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў чамусьці не звяртаюць на гэта ніякай увагі, хаця кантроль за станам навакольнага асяроддзя і выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства – іх непасрэдны абавязак. Бялынічан гэта праблема вельмі хвалюе, таму мы прасілі адказаць, якія меры будуць прынятыя для выпраўлення існуючай катастрафічнай сітуацыі на рацэ Друць. Нам жа распавялі пра тое, якія добрыя круглянскія чыноўнікі і як яны клапоцяцца пра выкананне прыродаахоўнага заканадаўства”.
27 студзеня Пётр Шымбалёў патрапіў на асабісты прыём да старшыні Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Асіпёнка. Па словах актывіста, удалося гэта яму толькі пасля некалькіх папярэдніх візітаў да галоўнага спецыяліста райсавета Аляксандра Карачуна. Пётр Шымбалёў кажа, што гутарка з Аляксандрам Асіпёнкам атрымалася канструктыўнай. Старшыня Бялыніцкага райсавета прызнаў існаванне праблемы са станам экалогіі на рацэ Друць у выніку непрадуманай эксплуатацыі Цяцерынскай ГЭС, і паабяцаў удакладніць сітуацыю ў прыродаахоўных органах і ў мясцовых уладаў Круглянскага раёна, а пасля даць афіцыйны адказ. Разам з тым Аляксандр Асіпёнак адзначыў, што ў яго няшмат магчымасцяў для ўплыву на Круглянскія раённыя ўлады і параіў Пятру Шымбалёву звярнуцца ў прыродаахоўныя органы Магілёўскай вобласці.
Па словах Пятра Шымбалёва, грамадскія актывісты маюць намер дачакацца афіцыйнага адказа на свой калектыўны зварот ад дэпутатаў Бялыніцкага райсавета. Калі бялыніцкія дэпутаты распішуцца ў сваёй няздольнасці станоўча вырашыць сітуацыю са станам экалогіі на рацэ Друць у Бялыніцкім раёне, актывісты распачнуць збор подпісаў пад калектыўным зваротам Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.