viasna on patreon

Гомель: Уладзімір Няпомняшчых не змог праз суд даведацца дадзеныя асобы, якая данесла на яго ў міліцыю

2016 2016-01-27T12:30:48+0300 2016-01-27T12:31:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/niapomniashchyh-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

26 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прайшло слуханне грамадзянскай справы па скарзе актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых. Ён прасіў суд абавязаць міліцыю (аддзел унутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна і УУС Гомельскага аблвыканкаму) прадставіць яму дадзеныя асобы, якая здзейсніла на яго данос. Міліцыя адмовілася прадставіць дадзеную інфармацыю, таму актывіст АГП, былы супрацоўнік сістэмы МУС, звярнуўся ў суд.

Справа тычыцца падзей, якія адбыліся ў Гомелі 20 чэрвеня 2015 года. Уладзімір Няпомняшчых быў у футболцы з надпісамі «За Беларусь без Лукашенко» і «Хватит, достал!». Ён часта ходзіць у падобных футболках не першы год. 20 чэрвеня яго ў ста метрах ад дому, на вуліцы Савецкай затрымалі супрацоўнікі міліцыі і прывезлі ў АУС Цэнтральнага раёну Гомеля. Пасля гутаркі актывіста адпусцілі без складання пратаколу. Яму патлумачылі, што нейкі «пільны» грамадзянін паведаміў пра яго ў міліцыю, і супрацоўнікі ўнутраных органаў павінны былі адрэагаваць на «сігнал». Уладзімір Няпомняшчых спрабаваў афіцыйным чынам даведацца дадзеныя асобы даносчыка, бо гэта інфармацыя тычыцца непасрэдна яго, закранае яго правы і законныя інтарэсы. Але міліцыя адмовілася прадставіць такую інфармацыю.

«Мне важна таксама – што менавіта паведаміў у міліцыю пра мяне той чалавек? Чаму я не магу гэта ведаць, калі гэта тычыцца непасрэдна мяне? Ёсць жа розніца – ці ён сказаў, што я стаю сярод вуліцы і, вобразна кажучы, калупаюся ў носе, ці я колы скручваю з чужога аўтамабілю ці некага збіваю? Калі некаму не падабаецца мая футболка, якую я маю права насіць, то хай той чалавек зробіць сабе футболку з надпісам «Люблю Колінага тату» і ходзіць у ёй. Мне важна, каб у таго разумніка адпала жаданне рабіць даносы, бо такія ў трыццатыя гады падводзілі людзей пад расстрэлы», - патлумачыў сваю пазіцыю на судзе актывіст.

Прадстаўніца УУС, Валянціна Радзівонава, палічыла, што скарга не падлягае задавальненню, і сцвярджала, што міліцыя паступіла правамерна. У судовым перапынку яна даводзіла Уладзіміру Няпомняшчых, што былых міліцыянераў не бывае (ён раней працаваў у сістэме МУС), і што «дзяржава вам пенсію плаціць». Актывіст адрэагаваў, што пенсію ён зарабіў, і плаціць яму народ са сваіх грошай.

Суддзя Алена Цалкова адхіліла скаргу заяўніка, і патлумачыла, што ім не быў вытрыманы парадак пазасудовага разгляду – Уладзімір Няпомняшчых павінен быў нібыта яшчэ абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў вышэйстаячай інстанцыі – МУС.

Актывіст плануе ўсё-такі законным шляхам дабіцца, каб яму прадставілі інфармацыю пра асобу даносчыка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства