viasna on patreon

Выканаўцы – прафесійныя забойцы, якія забіваюць ад імя дзяржавы

2016 2016-01-26T21:19:04+0300 2016-02-18T14:46:58+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У краінах, дзе смяротнае пакаранне дазволена, існуе інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства.

Любая інфармацыя пра спосабы прывядзення ў выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Аднак былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў, дзе ўтрымліваюцца прысуджаныя да выключнай меры пакарання, падрабязна апісаў кім і якім чынам выконваецца гэтая праца. З яго кнігі «Расстрэльная каманда»:

“«Расстрэльная каманда» мае афіцыйную назву: «Спецыяльная група па прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў». Так напісана ў інструкцыі МУС, якая рэгламентуе гэты від дзейнасці. Колькасны i персанальны склад групы таксама вызначаны інструкцыяй і аб'ёмам задачаў, якія стаяць перад ёй. Група, якую я ўзначальваў, складалася з трынаццаці чалавек. Акрамя непасрэдных удзельнікаў «расстрэльнага» працэсу, у яе ўваходзілі таксама лекар і прадстаўнік МУС. Абавязкі лекара былі далёка не медычныя, ён толькі канстатаваў смерць пакаранага, а прадстаўнік МУС – ажыццяўляў кантрольна-рэгістрацыйныя функцыі. Галоўнай дзяржаўнай нагляднай інстанцыяй над дзейнасцю «расстрэльнай» групы з'яўляўся пракурор, прызначаны Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь. Менавіта пракурор з'яўляецца галоўнай службовай асобай, якая кантралюе ажыццяўленне правасуддзя ў строгай адпаведнасці з законам. І толькі пракурор не з'яўляецца членам групы па прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў. Усе астатнія члены групы падбіраюцца яе кіраўніком, пасля чаго зацвярджаюцца кіраўніцтвам ГУУС Менска (у ранейшы час) або МУС (сёння).

Размеркаванне абавязкаў сярод членаў групы ўскладаецца на яе кіраўніка. Ён падбірае не менш за два выканаўцы прысудаў і не менш трох кіроўцаў-прафесіяналаў. Асабіста я дамагаўся ўніверсальнасці членаў маёй групы, дзе кожны мог выканаць любую задачу, пастаўленую перад ім, у тым ліку і прывесці ў выкананне прысуд. Па зразумелых прычынах, я не магу раскрыць персанальны склад маёй групы і распавесці аб кожным яе члене.

<...>

У групу падбіраліся проста фізічна дужыя мужчыны, з устойлівай псіхікай і дужымі нервамі. Камплектавалася «расстрэльная» каманда, як правіла, за кошт дзеючых супрацоўнікаў СІЗА, але ў мэтах забеспячэння бяспекі дазвалялася прыцягваць да супрацоўніцтва і іншых грамадзянаў.

Усе члены групы ў працоўны час займаліся выкананнем сваіх звычайных службовых абавязкаў.

<...>

Пасля пастаноўкі задачы частка супрацоўнікаў спецыяльным транспартам дастаўлялася ў пункт выканання прысуду, і падрыхтоўвала месца для сустрэчы асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Іншая частка групы вярталася ў СІЗА і па атрыманых ад мяне дакументах арганізоўвала вывад з камеры асуджаных да смяротнага пакарання, пасадку іх у машыну і дастаўку ў пункт выканання прысуду.

<...>

Пасля дастаўкі асуджаных у пункт выканання прысуду іх размяшчаюць пад узмоцненай аховай у спецыяльна абсталяванай камеры. Калі аб'ект цалкам падрыхтаваны да выканання прысуду, у спецыяльным кабінеце, сумежным з памяшканнем, дзе непасрэдна адбываецца расстрэл асуджаных, за невялікім пісьмовым сталом займаюць свае месцы: пракурор, кіраўнік спецыяльнай групы (начальнік СІЗА) і прадстаўнік МУС. На стале знаходзяцца асабістыя справы асуджаных.

<...>

Пасля апошніх словаў пракурора кіраўнік спецыяльнай групы падае каманду сваім падначаленым аб «этапаванні» асуджанага да расстрэлу. Асуджанаму завязваюць павязкай вочы, каб ён не арыентаваўся ў прасторы, і адводзяць у суседняе, спецыяльна абсталяванае памяшканне, дзе яго ўжо чакае выканаўца з пісталетам напагатове. Па сігнале выканаўцы двое супрацоўнікаў перад спецыяльным шчытом-кулеўлоўнікам апускаюць асуджанага на калені, пасля чаго выканаўца страляе яму ў патыліцу.

<...>

Напэўна, цяжка паверыць у шчырасць маіх словаў, але асабіста я ставіўся да працэдуры выканання смяротнага прысуду з велізарным агідай. Я ведаю, што дакладна такое ж пачуццё адчувалі і амаль усе члены спецыяльнай групы.

<...>

Звычайна партыя асуджаных да расстрэлу складае ад трох да пяці чалавек, але часам бываюць і адзінкавыя выканання смяротных прысудаў. Усё залежыць ад таго, як працуе Камісія па памілаваннях пры прэзідэнце і, натуральна, сам прэзідэнт. Пасля расстрэлу асуджаных іх целы пакуюць у поліэтыленавыя мяшкі і ажыццяўляюць пахаванне. Паколькі месца пахавання целаў пакараных з'яўляецца таямніцай, я больш нічога на гэтую тэму гаварыць не буду.

<...>

У якасці прыкладу прывяду адну з тэхнічных вынаходак, якая прымянялася нашымі грузінскімі калегамі ў той перыяд, калі ў іх краіне была такая мера пакарання, як смяротная кара. Там асуджанага ў адмысловым памяшканні ўкладвалі на падлогу тварам уніз, пры гэтым галава асуджанага звешвалася ў спецыяльны каналізацыйны сцёк. У такім становішчы выканаўца не мог зрабіць дакладны стрэл і патрапіць у мазжачок. Для таго, каб палегчыць «працу» выканаўцы і забяспечыць дакладнае траплянне кулі ў цэль, адзін з членаў расстрэльнай групы звычайным сачком для лоўлі матылькоў прыўзнімаў галаву асуджанага да пакарання да патрэбнага ўзроўню, пасля чаго выканаўца рабіў прыцэльны стрэл.

<...>

Вяртаючыся да пытання пра людзей, якія з'яўляюцца членамі спецыяльнай групы, скажу, што ўсе яны вартыя павагі, бо выконваюць самую чарнавую і няўдзячную ў свеце працу. Пры гэтым яны рызыкуюць сваім аўтарытэтам, становішчам у грамадстве і набыццём даўно забытага ў нармальным грамадстве сярэднявечнага кляйма – «кат».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства