Гары Паганяйла: Калі справу палітызавалі, значыцца камусьці гэта патрэбна
25 студзеня ў Мінску пачнецца суд над «графіцістамі», якія ўлетку напісалі на будынках горада і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкалі фарбай сацыяльную рэкламу з выявай міліцыянта. Фігуранты справы – Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў.
Максіму Пякарскаму пагражае да 3 месяцаў арышту, Вадзіму Жаромскаму і Вячаславу Касінераву – да 6 гадоў зняволення.
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла прагназуе сайту palitviazni.info, ці могуць у Беларусі з’явіцца новыя палітычныя зняволеныя.
Нагадаем, 11 жніўня мінулага года пяцёра хлопцаў (арыштаваныя былі двое, двух адпусцілі, Вячаслаў апынуўся збіты ў шпіталі) былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох эпізодах крымінальнай справы: нанясенню беларуска-моўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду.
Неўзабаве (31 жніўня) Пякарскаму і Жаромскаму ўтрыманне пад вартай было замененае на падпіску аб нявыездзе, аднак крымінальную справу супраць іх не закрылі.
– На ваш погляд, якія перспектывы гэтай справы ў судзе?
– Цяжка рабіць прагнозы, бо складана ацэньваць дзеянні нашых судоў. Часам яны дзейнічаюць непрадказальна. Гэтая справа лічыцца палітычна ангажаванай, а значыцца шмат будзе залежыць ад таго, якая пазіцыя з гэтай нагоды ва ўлады. А суддзяў хто прызначае? Улада.
– Што можаце сказаць па самой справе?
– Мне падаецца, што там наогул няма складу злачынства. Можна было абмежавацца адміністратыўнымі спагнаннямі. Тым больш, наколькі мне вядома, матэрыяльны ўрон фігуранты справы кампенсавалі. Але, відаць, камусьці хочацца стварыць новую палітычна матываваную справу, мець палітвязняў. Гэта традыцыя нашай дзяржава.
– Навошта зараз гэта ўладам? У мінулым годзе на волю выпусцілі палітвязняў, сёння афіцыйны Мінск наладжвае адносіны з Захадам, чакае крэдыт ад МВФ…
– Антыеўрапейскія сілы ва ўладзе заўсёды былі і застаюцца. Ёсць, відаць, людзі, якія выступаюць за збліжэнне з Еўропай, але ж маюцца і тыя, хто супраць гэтага. Для іх арыенцір – толькі Расія. Ёсць асобы, якія прымаюць у разлік толькі сілавыя метады барацьбы з апазіцыяй, а некаторыя гатовы да дыялогу і пошуку кампрамісаў. Напэўна, за вяроўкі тузаюць сітуацыю тыя, хто знаходзіцца бліжэй да вышэйшых эшалонаў улады. Менавіта таму і цяжка сказаць, чым закончыцца працэс. Такая сітуацыя, такая ў нас сістэма правасуддзя.
– На ваш погляд, ці патрэбны сёння ўладам новыя палітвязні?
– Калі справу палітызавалі, значыцца камусьці гэта патрэбна. І з гэтым нічога не зробіш. Гісторыя палітычных спраў паказвае, што палітвязні амаль заўсёды станавіліся прадметам гандлю. Сёння, магчыма, гэтую справу можна разглядаць і з такога пункту гледжання. Можа быць, справу зрабілі гучнай, каб на некага аказаць ціск? У той жа час яна з’яўляецца інструментам запалохвання і апазіцыйных сілаў, каб тыя ведалі сваё месца ўнутры краіны. Бо прырода ўлады не змянілася. Маўляў, кантакты з Захадам – не нагода для таго, каб змяняць унутраную палітыку. Гэта таксама і пасыл для грамадства.
– Калі графіцістам вынесуць жорсткія прысуды, ці можа гэта аказаць уплыў на адносіны з Еўропай?
– Я не палітык, але не выключаю пэўнай рэакцыі з боку Захаду. Гэта будзе сігнал для Еўропы, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму застаецца дрэнная, а дэмакратычных пераўтварэнняў не адбываецца. Таму пабачым, чым закончыцца гэтая гучная судовая справа.