Андрэю Гайдукову не ўдалося аспрэчыць штраф у Віцебскім абласным судзе
Віцебскі абласны суд пакінуў без задавальнення скаргу наваполацкага каардынатара аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Андрэя Гайдукова на пастанову Наваполацкага суда ад 30 лістапада 2015 года.
Гайдукоў хацеў спрэчыць судовае рашэнне, паводле якога яму належыць выплаціць штраф памерам памеры 45 базавых велічынь (8,1 млн рублёў). Актывіста аштрафавалі на падставе ч.3 арт.23.34 КаАП за ўшанаванне памяці зніклых палітыкаў 16 лістапада. У той дзень у Наваполацку Андрэй Гайдукоў на тумбе для афішаў павесіў партрэты Зміцера Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага з надпісам "Беларусь памятае". Таксама хлопец раздаваў улёткі, пазначаныя лагатыпам БХД, дзе цытаваліся словы экс-палітвязня Мікалая Статкевіча – заклік на акцыю, прымеркаваную да гадавіны рэфэрэндуму 1996 года.
Паводле Андрэя Гайдукова, распаўсюд улётак прайшоў без эксцэсаў. Калі не лічыць таго, што ўлёткамі зацікавіўся мінак, які назваўся супрацоўнікам гарвыканкаму. Потым у Наваполацкім гарсудзе на працэс 30 лістапада прадстаўнік наваполацкага гарвыканкаму Уладзімір Беляеў і міліцыянт Аляксандр Барэткін засведчылі факт правапарушэння Гайдукова.
Пастанову пра штраф вынесла суддзя Наваполацкага гарсуда Алена Верташонак. Не пагадзілася адмяніць яе суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова.