У Магілёве суддзя не падтрымаў суддзю
А ў дзеяннях грамадскіх актывістаў Аляксандра Хамратава, Дзмітрыя Здобнікава і Юрыя Гарбаценкі суд не ўбачыў складу адміністрацыйнага правапарушэння.
22 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва завяршыўся працэс над трыма грамадскімі актывістамі, якія былі затрыманыя 20 студзеня і абвінавачваліся ў непавазе да суда па арт. 24.1 КаАП.
Суддзя Ігар Шведаў дапытаў у якасці сведак суддзю Магілёўскага раёна Станіслава Леўчанку, адваката Ганчарова, а таксама сакратароў судовых пасяджэнняў Фомінаву і Аляшкову. Заслухаў ён таксама і тлумачэнні ўсіх затрыманых.
Падчас суда стала вядома, што калі хлопцы зайшлі да суддзі і спыталі, калі пачнецца адкрытае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе, бо яны хочуць на ім папрысутнічаць, у кабінеце разам з суддзёй Леўчанкай знаходзіўся адвакат Гарбаценка.
Суддзя Леўчанка адказаў, што не ведае, затым папрасіў, каб зачынілі дзверы з адваротнага боку і праз некалькі хвілін выклікаў міліцыю.
У падтрымку суддзі Леўчанкі выступіў адвакат Гарбаценка, які паведаміў суду, што актывісты некалькі разоў адчынялі дзверы кабінета суддзі, задавалі розныя пытанні і ў яго склалася ўражанне, што такім чынам яны спрабавалі дэзарганізаваць працу суда.
Далей высветлілася, што запіску на адрас старшыні Магілёўскага раённага суда за подпісам Гарбаценкі набіраў на кампутары Леўчанка. Той толькі яе падпісаў. Сакратар судовага пасяджэння Аляшкова зявіла ў судзе, што падчас інцыдэнта не прысутнічала, аднак ёй патэлефанаваў Леўчанка і загадаў прыйсці і скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, што яна і зрабіла. Аднак у іх адсутнасць і без паказанняў затрыманых. Як складаць правільна пратакол, яна не ведала, бо ў судзе выконвае тэхнічную працу. У пратаколе было пазначана, што актывісты ад подпісаў адмовіліся. Хамратаў, Здобнікаў і Гарбаценка заявілі, што падобнага пратакола яны не бачылі.
На пытанне суддзі Шведава аб тым, наколькі часта да яго заходзяць у кабінет людзі, суддзя Леўчанка адказаў, што да яго могуць захадзіць не толькі любыя грамадзяне, аднак і сабакі, чым выклікаў смех у зале. Пасля гэтага ён атрымаў заўвагу ад суддзі Шведава, што на пытанні мусіць адказваць карэктна.
У выніку суддзя Шведаў у дзеяннях Хамратава, Здобнікава і Гарбаценкі не ўбачыў складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Нагадаем, што Хамратаў, Здобнікаў і Гарбаценка былі затрыманыя 20 студзеня ў судзе Магілёўскага раёна. Пасля затрымання іх даставілі ў РАУС Магілёўскага раёна, дзе склалі пратаколы затрымання і дагляду. Падчас дагляду затрыманых прымусілі распрануцца. Затым хлопцаў павезлі да дзяжурнага суддзі ў суд Магілёўскага раёна, аднак з-за таго, што адсутнічаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, іх адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яны і правялі ўсю ноч.
Раніцай 21 студзеня грамадскіх актывістаў даставілі ў суд Магілёўскага раёна, дзе яны заявілі хадайніцтва аб разглядзе справы ў судзе Ленінскага раёна Магілёва, на тэрыторыя якога адбылося магчымае правапарушэнне. Суддзя задаволіла хадайніцтва, і актывістаў зноўку адвезлі ў ізалятар, дзе наноў перааформілі дакументы. Толькі пасля гэтага яны апынуліся ў судзе Ленінскага раёна, дзе заявілі хадайніцтва аб адвакаце і азнаямленні з матэрыяламі справы. Суддзя Шведаў іх задаволіў і толькі пасля абеду распачаў судовы працэс, які доўжыўся два дні.
Хамратаў, Здобнікаў і Гарбаценка адзначаюць, што за затрыманне без якіх бы то ні было падставаў будуць скардзіцца на судзю Леўчанка ў вышэйстаячыя інстанцыі і дабівацца маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі за суткі, праведзеныя ў ізалятары.
Трэба адзначыць, што менавіта суддзя Леўчанка з дапамогай сваёй маці, якая з’яўляецца рэдактарам газеты “Вячэрні Магілёў”, распаўсюдзіў інфармацыю асабістага характара пра грамадзяніна, якога ён судзіў і які аказаўся трансгендарам. Менавіта дзякуючы скаргам Аляксандра Хамратава Станіслаў Леўчанка атрымаў дысцыплінарнае спагнанне.