viasna on patreon

Гомель: суд пакараў Ларысу Шчыракову буйным штрафам за «незаконны выраб прадукцыі СМІ»

2016 2016-01-13T13:47:05+0300 2016-01-13T14:22:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shchyrakova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова.

Ларыса Шчыракова.

12 студзеня суд Гомельскага раёна разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены супрацоўнікам Гомельскага РАУС Р.Цітовым у дачыненні да незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай. Суд прызнаў журналістку вінаватай у парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ, праца без акрэдытацыі на замежнае СМІ) і пакараў штрафам у памеры 22 базавыя велічыні, што складае 4,62 мільёна рублёў.

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Лісоўскі.

Шчыракова на паседжанні не прызнала сваю віну і патлумачыла, што праца на замежны СМІ без акрэдытацыі, якую ёй паставіла ў віну міліцыя, не падлягае адміністрацыйнаму пакаранню. Што тычыцца незаконнага вырабу прадукцыі СМІ, то вырабіць прадукцыю можа рэдакцыя СМІ. Жыхарка Гомеля, між тым, не звязаная з ніякімі рэдакцыямі працоўнымі абавязкамі, не з'яўляецца афіцыйна журналістам, таму на яе не павінны распаўсюджвацца нормы закону «Аб СМІ». Шчыракова нагадала пра права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, гарантаванае ёй Канстытуцыяй. Але ўсе гэтыя аргументы не мелі ўплыву на рашэнне суда.

Выступаючы на паседжанні, фрылансер нагадала суддзі, што свабода слова – важнае фундаментальнае права чалавека. «Яго, канечне, можна абмежаваць і прыцягнуць журналіста да адказнасці за, скажам, паклёп, ці абразу. Але калі за праўдзівыя і аб'ектыўныя рэпартажы ўлада цягае па судах журналістаў – гэта дзікунства, гэта амаральна», - падкрэсліла Шчыракова.

Яна адзначыла пасля вынясення пастановы, што мела пэўныя чаканні ў сувязі з лістом, які накіравала кіраўніцтва БАЖ Аляксандру Лукашэнку. У тым лісце ўзгадваліся і ягоныя абяцанні спыніць пераслед журналістаў. «Цяпер мы бачым, чаго вартыя яго абяцанні. З другога боку, я ведаю, што такое беларуская судовая сістэма, якая не з'яўляецца ні незалежнай, ні аб'ектыўнай. Буду абскарджваць дадзенае рашэнне - напрацоўваецца доказная база, што ў Беларусі сістэматычна парушаюцца правы чалавека», - дадала фрылансер.

У пратаколе міліцыя адзначыла, што 24 снежня 2015 года Ларыса Шчыракова, не маючы акрэдытацыі ў якасці замежнага карэспандэнта СМІ, незаконна вырабіла прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт «Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцця», які быў паказаны у той жа дзень па тэлеканале «Белсат».

Сюжэт быў прысвечаны праблемам маладога жыхара Урыцкага, які рос у школе-інтэрнаце, а зараз не мае сродкаў да існавання і працы.

Пратакол журналістка атрымала па пошце.

У канцы снежня і пачатку студзеня на гомельскіх журналістаў-фрылансераў былі складзены некалькі пратаколаў па артыкулу 22.9 КаАП за працу без акрэдытацыі. Так, на Кастуся Жукоўскага за снежань-студзень ужо складзены тры пратаколы — Кармянскім, Калінкавіцкім і Веткаўскім РАУС. Усе пратаколы тычацца «незаконнага вырабу прадукцыі СМІ». Сюжэты, як правіла, маюць сацыяльны характар: пра перабоі з пітной вадой, адсутнасць працы і маленькія заробкі ў райцэнтрах, занядбанне мясцовай ўладай сваіх абавязкаў. Падаецца, што замест вырашэння вострых праблем караюць журналістаў штрафамі.

Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў звярнулася з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў у Адміністрацыю прэзідэнта. Арганізацыя заклікала ведамства паспрыяць выкараненню практыкі неабгрунтаванага ўмяшальніцтва супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у працу журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства