Віцебскія актывісты патрабуюць, каб іх уключылі ў аргкамітэт па справе перапахавання невядомых ахвяр
Паводле сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, пры Віцебскім райвыканкаме стварылі адмысловы аргкамітэт, які мусіць зацвердзіць статус невядомага пахавання, знойдзенага віцебскімі актывістамі ў лесе каля вёскі Хайсы. Мясцовыя старажылы распавядаюць, што ў гэтых мясцінах адбываліся “сталінскія” расстрэлы.
Ян Дзяржаўцаў, стваральнік грамадскай ініцыятывы “Хайсы”, занепакоены сітуацыяй, якая склалася пасля эксгумацыі чалавечых парэшткаў адмысловым пошукавым батальёнам:
“Менавіта мы ініцыявалі гэтую справу, калі ў лістападзе 2014 года абнародавалі інфармацыю пра знойдзеныя ў лесе парэшткі. Мы не толькі распавялі пра гэта людзям праз СМІ. Мы звярнуліся ў міліцыю, у следчы камітэт, у пракуратуру, да мясцовых уладаў, каб былі зроблены ўсе захады для высвятлення асоб пахаваных тут людзей. А самі тым часам пачалі шукаць сведак-старажылаў, якія маглі б распавесці пра даўнейшыя падзеі. Паводле мясцовых жыхароў, тут расстрэльвалі людзей у 1937-38 гадах. І ў знойдзеных у лесе чарапах мы бачылі кулявыя адтуліны! Частку парэшткаў следчыя забралі на экспертызу, а калі мы папрасілі падзяліцца з намі вынікамі, то атрымалі адмову. Нас пачалі адхіляць ад гэтай справы. І пазнаёміцца са справаздачай пра раскопкі, якія праводзіў увосень адмысловы батальён, нам таксама не дазваляюць. Між тым у дзяржаўнай мясцовай прэсе ўжо пачалі з’яўляцца артыкулы, дзе сцвярджаецца, што ў гэтым лесе забівалі не падчас сталінскага тэрору, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Доказы гэтага падаюцца Яну Дзяржаўцаву сумнеўнымі. А галоўнае, актывіст не разумее, чаму аргкамітэт, які займаецца справай знойдзенага пахавання, ігнаруе ўспаміны сведкаў.
“Я прапанаваў чальцам аргкамітэту сваю дапамогу – сказаў, што гатовы назваць сведкаў, і нават паехаць да іх разам. Цяпер чакаю адказу на сваю прапанову. Калі яна не будзе прынятая, значыць мае месца нейкая палітычная замова, а не пошукі гістарычнай праўды. Таксама я напісаў ліст у райвыканкам, дзе прашу ўключыць у склад аргкамітэта і нас, удзельнікаў ініцыятывы “Хайсы”. Мы маем на гэта права, бо без нашай ініцыятывы ніхто б і не даведаўся пра невядомае пахаванне ў лесе. Хто б ні былі загінулыя там людзі, але яны павінны быць пахаваныя па-людску. Бо і так некалькі гадоў іх парэшткі валяліся па лесе, бо калектыўныя магілы, відавочна, былі разрабаваныя “чорнымі капальнікамі”, - гаворыць спадар Дзяржаўцаў.
Ён падкрэслівае, што мясцовыя ігнаруюць прапановы грамадскасці наконт таго, каб прыбраць і добраўпарадкаваць той участак леса, дзе знайшлі парэшткі. І што нават былі спробы абвінаваціць актывістаў у “чорным капальніцтве”, калі яны паведамілі ў афіцыйныя органы пра страшную знаходку. Ян Дзяржаўцаў кажа, што ініцыятыва “Хайсы” стваралася дзеля таго, каб дапамагчы высветліць праўду, і таму актывісты, не маючы дастатковай інфармацыі, апасаюцца падтасоўкі гістарычных фактаў.