Баранавіцкага прадпрымальніка Міколу Чарнавуса папярэдзілі аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванае мерапрыемства
Напярэдадні Новага года баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус быў выкліканы ў Баранавіцкі гарвыканкам. Перад гэтым яму прыйшла пісьмовая адмова на заяўку аб правядзенні масавага мерапрыемстве 4 студзеня на гарадской плошчы з меркаванай колькасцю ўдзельнікаў -- 1 500 прадпрымальнікаў. Мэта акцыі -- сказаць сваё “НЕ” указу Аляксандра Лукашэнкі № 222.
Паводле Мікалая Чарнавуса, 28 снежня яму пазванілі з гарвыканкама і папрасілі прыйсці 29 снежня да іх. На сустрэчы яго чакалі 3 супрацоўнікі ідэалагічнага аддзела і прадстаўнік КДБ. Перад прадпрымальнікам паклалі паперу, у якой указвалася, што ў выпадку яго выхаду на плошчу ён будзе пакараны па ч.2 арт. 23.34 КаАП за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Прапанавалі падпісацца і сказалі, што ўсе праблемы можна вырашыць праз мясцовы гандлёвы аддзел без выхаду на плошчу. Але, па словах Чарнавуса, указ №222 прэзідэнта Баранавіцкі гандлёвы аддзел адмяніць не можа. Таму прадпрымальнік Мікола Чарнавус не плануе адмяняць пікета 4 студзеня а 12 гадзіне на гарадской плошчы, нават калі побач з ім не акажацца ніводнага калегі.