Грамадзянская супольнасьць Беларусі патрабуе тэрміновай дапамогі (Заява сусьветнага сходу Дамоў правоў чалавека,Бэрген, Нарвэгія, 31 кастрычніка 2003)
Грамадзянская супольнасьць Беларусі патрабуе тэрміновай дапамогі
Заява сусьветнага сходу Дамоў правоў чалавека
Бэрген, Нарвэгія, 31 кастрычніка 2003
(скарочана)
Мы, дэлегаты сусьветнага сходу Дамоў правоў чалавека, выказваем сваю глыбокую занепакоенасьць кампаніяй беларускіх уладаў, скіраванай на зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Мэтадычныя спробы заглушыць голас праваабаронцаў маюць на мэце затармазіць фармаваньне плюралістычнага дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі.
28 кастрычніка Вярхоўны суд ліквідаваў праваабарончы цэнтар “Вясна”, адну зь нешматлікіх праваабарончых арганізацый, што яшчэ дзейнічала ў краіне. “Вясна” ня першая: раней былі зачыненыя “Ратуша”, “Грамадзянскія ініцыятывы”, “Прававая дапамога насельніцтву” і іншыя. Яшчэ 11-ці арганізацыям пагражае закрыццьцё. Сусьветны сход Дамоў правоў чалавека асуджае гэтыя закрыцьці.
Удары наносяцца і па незалежных СМІ. Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад «Белорусской деловой газеты» і іншых незалежных выданьняў. На іншыя выданьні накладалі штрафы суды. У выніку гэтага некаторыя выданьні зачыніліся.
У Беларусі парушаецца ня толькі права на свабоду слова і асацыяцыі, на свабоду праваабарончае дзейнасьці, але таксама ўсё больш абмяжоўваецца права на атрыманьне адукацыі на роднай мове. Спрабуючы ўстанавіць татальны кантроль над адукацыяй, улады нядаўна зачынілі Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, адзіную цалкам незалежную беларускамоўную сярэднюю навучальную ўстанову.
Гэтая масіраваная атака на грамадзянскую супольнасьць Беларусі адбываецца напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, заплянаваных на восень 2004 году. Удзельнікі сусьветнага сходу Дамоў правоў чалавека выказваюць упэўненасьць у тым, што свабодная грамадзянская супольнасьць — гэта неабходная перадумова для росту дэмакратыі. Мы мяркуем, што беларускія ўлады павінны зрабіць усё магчымае, каб забясьпечыць нармальныя ўмовы для працы ўсіх арганізацый і асобаў, якія дзейнічаюць на карысьць дэмакратыі і правоў чалавека.
Дэлегаты сусьветнага сходу Дамоў правоў чалавека заклікаюць улады ўсіх краінаў, прадстаўленых на сходзе, узмацніць маральную, палітычную і фінансавую падтрымку грамадзянскае супольнасьці Беларусі. Мы таксама просім свае ўрады зьвярнуцца да беларускага ўраду з заклікам спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскае супольнасьці і выконваць міжнародныя правааабарончыя нормы. Такі заклік можа быць накіраваны праз міжнародныя інстытуты, а дапамога павінна накіроўвацца наўпрост недзяржаўным структурам, што дзейнічаюць для ўмацаваньня дэмакратыі і правоў чалавека.
Мы, дэлегаты сусьветнага сходу Дамоў правоў чалавека, прадстаўнікі Беларусі, Босьніі. Харватыі, Кеніі, Уганды, Нарвэгіі, Польшчы, Расеі, Турцыі, выказваем сваю салідарнасьць зь беларускімі праваабаронцамі ў іхным нялёгкім змаганьні.