viasna on patreon

У Кыргызстане ўзмацняецца ціск на праваабаронцаў

2015 2015-09-30T15:11:55+0300 2016-07-14T17:15:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh-kyrgyzstan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя Абсерваторыі ў Бішкеку 25.09.2015

Прэс-канферэнцыя Абсерваторыі ў Бішкеку 25.09.2015

У дадзены момант на разглядзе ў парламенце Кыргызстана знаходзіцца некалькі законапраектаў, прыняцце якіх можа паставіць пад пагрозу дзейнасць грамадзянскай супольнасці. Пра гэта папярэджвае Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (сумесная програма FIDH і OMCT), місія якой нядаўна пабывала ў краіне для вывучэння фактаў пра ўмовы працы і ўразлівае становішча праваабарончых арганізацый.

Абсерваторыя выказала асцярогі з нагоды ўзмацнення ціску з боку ўладаў у дачыненні да праваабаронцаў: у апошні час пачасціліся выпадкі незаконных ператрусаў у офісах НДА, сачэння і запалохвання з боку спецслужбаў, няправільнага прымянення або злоўжывання законамі аб барацьбе з экстрэмізмам і паклёпніцкіх кампаній у СМІ.

Падчас знаходжання ў Кыргызстане сябры дэлегацыі сустрэліся з намеснікам прэм'ер-міністра, першым намеснікам міністра ўнутраных спраў, намеснікам Амбудсмена Кыргызскай Рэспублікі, прадстаўнікамі Амбудсмена па Джалал-Абадскай вобласці і па горадзе Ош і Ошскай вобласці, намеснікам генеральнага пракурора, загадчыцай аддзела этнічнай і рэлігійнай палiтыкi Апарату Прэзідэнта, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў Бішкеку, Ошы і Джалал-Абадзе.

Падчас сустрэч прадстаўнікі Абсерваторыі настойліва заклікалі аказаць падтрымку дзейнасці праваабаронцаў і не дапусціць прыняцця законапраекта, які крыміналізуе фарміраванне станоўчага стаўлення да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, а таксама дапаўненняў да закона аб некамерцыйных арганізацыях, якія абавязваюць НДА, што атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы, рэгістравацца ў якасці «замежных агентаў».

«FIDH і OMCT асцерагаюцца, што прыняцце гэтых законапраектаў не толькі прымусіць замаўчаць праваабаронцаў, але і пакладзе канец будаўніцтву дэмакратычнага грамадства ў Кыргызстане», - заявіў кіраўнік місіі, прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы.

На працягу многіх гадоў кіргізская грамадзянская супольнасць лічылася адной з самых моцных у Цэнтральнай Азіі. Аднак, пасля нядаўняга далучэння Кыргызстана да Еўразійскага эканамічнага саюзу, улады краіны, мяркуючы па ўсім, вырашылі пайсці па шляху Расіі і прыняць падобныя законапраекты, якія абмяжоўваюць свабоду асацыяцый, выказвання меркавання і мірных сходаў. Больш за тое, нацыянальныя інстытуты абароны правоў праваабаронцаў недастаткова развітыя.

«У апошні час улады Кыргызстана падтрымлівалі развіццё нацыянальных праваабарончых інстытутаў, але большасць з іх па савецкай традыцыі з'яўляюцца фасадам і працуюць недастаткова эфектыўна», - заявіла Таццяна Глушкова, юрыст Праваабарончага цэнтра «Мемарыял».

У перадапошні дзень знаходжання сябраў дэлегацыі ў краіне ўлады Кыргызстана адмовілі ім у выдачы дазволу на наведванне праваабаронцы Азімжана Аскарава, этнічнага узбека, які па выніках несправядлівага судовага разбіральніцтва быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення ў 2010 г. пасля міжэтнічных сутыкненняў на поўдні краіны.

«Азімжан Аскараў вымушаны плаціць высокую цану ў сувязі з узмацненем рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў. Праваабарончая супольнасць Кыргызстана па-ранейшаму дынамічная, але ўсё часцей сутыкаецца з актамі запалохвання», - адзначыла ўдзельніца місіі, дырэктар Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў Аляксандра Памeён.

У бліжэйшыя месяцы будзе апублікаваная справаздача па выніках працы місіі з падрабязнымі высновамі і рэкамендацыямі для ўладаў Кыргызстана, недзяржаўных суб'ектаў, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Еўрапейскага Саюза і пасольстваў замежных дзяржаў у Кыргызстане.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства