viasna on patreon

Звольненая з бабруйскага заводу "свабодаўка" - Лукашэнку: “Прыміце меры ці не называйце больш нас "сваім народам"

2015 2015-09-29T12:15:13+0300 2015-09-29T14:02:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lukashenkaa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аксана Кернажыцкая, сябра суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА), згубіла працу ў жніўні. Яна бездакорна адпрацавала на заводзе 19 гадоў, не мела дысцыплінарных спагнанняў. Зараз жанчына ў пошуках працы, яна адна гадуе 12-гадовага сына.

"Адміністрацыя прадпрыемства не паклапацілася, каб назваць нам прычыны звальнення. Але ўсе ведаюць, што гэта помста дырэктара завода за наша сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім", - лічыць бабруйчанка.

Нагадаем, Аксана Кернажыцкая звярталася па дапамогу да старшыні гарвыканкаму Андрэя Каваленкі, да старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Даманеўскага. Ёй нават паабяцалі дапамагчы, але не зрабілі гэтага. "Свабодаўка" вырашыла звярнуцца з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, каб запытацца ў яго: "Як я магу галасаваць за Вас? За што? За расправу над намі, працоўнымі завода? Над намі і нашымі дзецьмі?"

"Звярнуцца да Вас мяне прымусіла сітуацыя, якая ўзнікла толькі з-за дзеянняў чыноўнікаў-бюракратаў, якія вам служаць, якімі вы кіруеце", - піша Аксана Кернажыцкая. У лісце яна расказвае не толькі пра сябе, але і пра іншых звольненых з ТДіА сябраў СПБ. У першую чаргу яна ўзгадвае Сяргея Пічугова, з ім не працягнулі кантракт, яго жонка ў дэкрэтным, тры сына, два з якіх малалетнія.

"Работнікі ТДіА і раней звярталіся да Вас за абаронай, калі іх, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія шмат гадоў прапрацавалі на гэтым прадпрыемстве, выкінулі на вуліцу, - ва ўрон вытворчасці, толькі за тое, што яны з'яўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюза Беларускага. І нават праведзеная імі галадоўка - акт адчаю, не была вамі пачутая ... Для распраў над безабароннымі жанчынамі і нашымі дзецьмі дырэктар завода Аляксандр Аграновіч, які з'яўляецца яшчэ і дэпутатам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і бацькам двух малалетніх дачок, выкарыстоўвае як "дубіну" Ваш Дэкрэт № 29 ад 26 чэрвеня 1999 года "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванню працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны", - гаварыцца ў лісце.

"Асаблівым цынізмам і подласцю "патыхае" заява адміністрацыі завода з нагоды таго, як Пічугову і яго жонцы ўтрымліваць цяпер сваю сям'ю. Адказ уразіў сваім цынізмам, - пражывуць, маўляў, на дзіцячую дапамогу.Гэта значыць - фактычна нам прапанавана ціха паміраць ад галечы і голаду", - піша бабруйчанка.

"Якімі б "амбіцыямі" і гэтак далей не кіраваліся чыноўнікі, але змагацца з груднымі дзецьмі - гэта подла і нізка. Аляксандр Рыгоравіч! Прыміце меры ці не называйце больш нас "сваім народам", - рэзюмуе Аксана Кернажыцкая напрыканцы звароту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства