Бабруйск: на заводзе ТДіА ўжо 12 галадоўшчыкаў
На заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) працягваецца трохдзённая папераджальная галадоўка. Міхаіл Кавалькоў, старшыня пярвічкі СПБ, галадае каля прахадной прадпрыемства. Ночыць ён таксама тут - у салоне аўтамабіля.
-Сёння трэці дзень галадоўкі, пакуль стан майго здароўя нармальны, - расказаў Міхаіл Кавалькоў. -У першую ноч было халаднавата ў машыне, учора мне прынеслі цёплую коўдру, стараюся піць паболей вады.
Старшыня заводскай суполкі Свабоднага прафсаюза Беларускага кажа, што сёння агульная колькасць галадоўшчыкаў стала болей, іх ужо 12 чалавек.
-З першага дня са мной на працоўных месцах галадаюць "свабодаўцы" Сяргей Пічугоў, Ірына Коршунава, Генадзь Лабачоў, Аксана Кернажыцкая. Іх усіх выклікала начальства, пыталі, ці сапраўды яны галадаюць. З учорашняга дня далучыліся Віктар Осіпаў, Аляксандр Бенасік. Таксама далучыліся два сябры СПБ, з якімі не працягнулі кантракты - Віталь Садоўскі і Аляксандр Мікітка. Сёння пачалі галадаць яшчэ тры чалавекі: Аляксандр Варанкін, Аляксандр Грамыка і Мікалай Жыбуль.
Міхаіл Кавалькоў паведаміў, што адміністрацыя ТДіА пакуль не зрабіла ніякіх крокаў насустрач, і не адрэагавала на галадоўку.
-Мне стала вядома, што ў заводскі аддзел ідэалогіі ўжо телефанавалі з Міністэрства прамысловасці, яны вельмі незадаволеныя тым, што адбываецца на прадпрыемстве. Але тым не менш, дыялог нам пакуль не прапаноўваюць, - адзначыў Міхаіл Кавалькоў.