viasna on patreon

Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 16 ліпеня па 12 жніўня

2024 2024-08-12T15:00:24+0300 2024-08-12T15:24:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miloka_dziadok_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за чатыры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.

Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 48 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1385 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю больш за 42 палітвязні, у тым ліку Вадзім Ермашук, Дзяніс Пішчала, Руслан Акостка, Мікалай Казлоў, Багдан Каравец.

Таксама праваабаронцам стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах васьмі палітзняволеным:

Вайсковага аналітыка Ягора Лебядка змяшчалі на 10 сутак у ШІЗА

Ягор Лебядок

Нагадаем, суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок "у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".

Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калоніі. Па інфармацыі "MAYDAY TEAM", нядаўна палітвязень мінімум 10 сутак адбыў у штрафным ізалятары.

Палітвязня Вячаслава Малейчука трэці раз судзяць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Вячаслаў Малейчук

Нагадаем, 10 лютага 2023 года Вячаслава, асуджанага да 23 гадоў калоніі, прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК. Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў яму год калоніі. Пасля прысуду Малейчука накіравалі ў папраўчую калонію № 9 у Горкі. Там літаральна праз некалькі месяцаў супраць яго ўзбудзілі ўжо другую запар крымінальную справу па ч. 2 арт 411 КК.

Наступны суд над ім адбыўся 23 жніўня мінулага году. Мікалай сваю віну не прызнаў. Суддзя Алена Вераб'ёва дадала да 23 гадоў калоніі яшчэ два гады пазбаўлення волі.

У судзе Мазырскага раёна 7 жніўня над палітвязнем распачаўся ўжо трэці суд за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Справу разглядае суддзя Анатоль Стрэльчанка. Яму могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.

Палітвязень Анджэй Пачобут да гэтага часу знаходзіцца ў ПКТ 

Андрэй Пачобут

Гарадзенскі журналіст знаходзіцца за кратамі ўжо 40 месяцаў. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск.

Віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі Марэк Занеўскі падчас акцыі салідарнасці з палітвязнем у Белыстоку распавёў, што Пачобута яшчэ ўтрымліваюць у ПКТ:

“На жаль, няма інфармацыі пра Анджэя. Ён надалей знаходзіцца ў Наваполацку, сядзіць у ПКТ у ізаляцыі і нічога не адбываецца. Уся гэтая інфармацыя, якая гуляла апошнія месяцы, некаторыя казалі, што яго выпусцілі, некаторыя казалі, што яго вазілі на мяжу.

Канешне, усё гэта няпраўда, усё гэта фэйкі. Нам вельмі прыкра, што такія сітуацыі адбываюцца. Сітуацыя з Анджэем застаецца вельмі складнай і на сёння дзень мы не бачым яе паляпшэння".

Палітвязня Вячаслава Шэлямета збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым 

23-гадовага Вячаслава ўтрымліваюць у зняволенні амаль чатыры гады. Яго затрымалі 20 жніўня 2020 года за ўдзел у акцыіі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня.

Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка 2021 года вынес прысуд па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавацілі нібы ва "ўдзеле ў масавых беспарадках". Вячаслава асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Хлопца накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3. Па ініцыятыве адміністрацыі Дзмітрыю хочуць узмацніць пакаранне. Як піша "Берасцейская Вясна", суд па замене рэжыма ўтрымання на турэмны адбудзецца ў Віцебску 31 ліпеня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Міхаіл Зубеня.

Палітвязня Юрыя Зянковіча судзяць па новай крымінальнай справе

Юрый Зянковіч

Юрый — юрыст, асуджаны па "справе змоўшчыкаў". Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзілі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

27 снежня 2022 года ў судзе Мядзеля разглядалася новая справа супраць Юрыя аб "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Па пярэдняй інфармацыі, Зянковічу тады дадалі яшчэ паўгода. Спачатку Юрый адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, дзе на яго аказваўся ціск. Палітвязень правёў у ШІЗА 8 дзён і абвяшчаў галадоўку. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

7 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва палітвязня пачалі судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы" паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу разглядае суддзя Вікторыя Палякова.

Палітзняволенага анархіста Міколу Дзядка амаль два месяцы ўтрымліваюць у ШІЗА 

Мікалай Дзядок. Фота: spring96.org

У чэрвені Міколу і многіх іншых палітзняволенных гродзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Мікола знаходзіцца там да гэтага часу. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.

Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск.

Ігара Аліневіча перавялі з лякарні ў Калядзічах у жодзінскую турму

Ігар Аліневіч

Пра гэта паведамляе тг-канал "Право на восстание". Нагадаем, напрыканцы чэрвеня Ігара змясцілі ў лякарню ў Калядзічах. Прычыны пераводу невядомыя.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Актывісту Яўгену Афнагелю ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму 

Яўген Афнагель

Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі", асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязня зноў перавялі ў наваполацкую калонію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін.

Адразу па прыбыцці ва ўстанову адміністрацыя змясціла яго ў ШІЗА на 45 сутак, а потым перавяла ў ПКТ. 29 ліпеня ў Наваполацку адбыўся чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання. Суддзя Віталь Лапко пастанавіў перавесці палітвязня ў турму да канца тэрміну. Яўгена ўжо этапавалі ў Магілёў.

Палітзняволенага Яўгена Кладова не вызвалілі пасля адбыцця першага тэрміну — яго будуць зноў судзіць

Яўген Кладоў

Жыхара Баранавічаў арыштавалі на 13 сутак у жніўні 2023-га, а таксама канфіскавалі тэлефон. Але пасля гэтага Яўгена не выпусцілі — у лістападзе 2023 года адбыўся суд па крымінальнай справе. Яму прысудзілі год калоніі за лайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку.

Цяпер стала вядома, што супраць Кладова завялі крымінальную справу па новых артыкулах — "масавыя беспарадкі" (293 КК), "распальванне варожасці або варажнечы" (130 КК) і "заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (361 КК). Жыхару Баранавічаў можа пагражаць да 12 гадоў калоніі, піша "Наша Ніва". Нядаўна Яўгена дадалі ў спіс "тэрарыстаў".

У палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк выявілі хранічны панкрэатыт 

Паліна мусіла выйсці на волю 21 траўня гэтага года. Але за два дні да вызвалення яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Нядаўна сваякі Паліны атрымалі афіцыйны адказ ад адміністрацыі жаночай калоніі № 24, у якім пазначана, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Пра гэта "Свабодзе" распавёў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

"Што яна хворая на панкрэатыт, мы не ведалі, але даходзілі звесткі, што ў Паліны болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі. Аднойчы яна так рэзка схуднела, што стала важыць усяго 50 кілаграмаў".

"Такі дыягназ ва ўмовах Паліны — як смяротны прысуд"

Нядаўна сваякі Паліны атрымалі афіцыйны адказ ад адміністрацыі жаночай калоніі № 24, у якім пазначана, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці".

Палітзняволенага Уладзіміра Гундара пазбавілі чарговага кароткатэрміновага спаткання

Уладзімір Гундар падчас суда па

Пра гэта "Радыё Рацыя" стала вядома з колаў, блізкіх да сям'і палітвязня:

"У яго ўжо зноў было нейкае правапарушэнне, з-за якога яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое павінна быць яшчэ толькі ў верасні, але наперад яго ўжо пазбавілі. Ён сам не ведае за што. Нават нічога не тлумачылі, проста сказалі, што пазбавілі і ўсё. І нават не ведае на які тэрмін".

Нагадаем, фігуранта "справы Аўтуховіча" асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

У Баранавічах за "ўдзел у пратэстах" судзяць былога палітвязня, якога раней вызвалілі па амністыі 

Пётр Зіневіч

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 12 жніўня паводле ч. 1 арт. 342 КК пачаўся суд над трыма мясцовымі жыхарамі. Ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, якія адбываліся чатыры гады таму, абвінавачваюць Аляксандра Тарасавеча, Дзмітрыя Блашчэніцу і Пятра Зяневіча. Іх справу разглядае Аксана Літвінчык.

Пётр Зіневіч — былы палітзняволены, якога ў 2021 годзе асудзілі да двух гадоў "хіміі" за тое, што сваёй старонцы ва "Укантакце" апублікаваў фотаздымак супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам "удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". Гэта палічылі "паклёпам".

Пётр адбываў тэрмін у ПУАТ № 9. 11 студзеня 2023 года выйшаў на волю з паводле закона аб амністыі. Напрыканцы красавіка 2024 года Пятра зноўку затрымалі разам з некалькімі жыхарамі Баранавічаў. На "пакаяльным відэа" Пётр кажа, што "проста ішоў праз плошчу". Цяпер мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА.

Яшчэ аднаго былога палітвязня з Баранавічаў зноў будуць судзіць

Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га. За год да гэтага ён пакінуў каментар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту.

Наступнага разу Віталя затрымалі ў студзені 2024 года.

Суд над Коршунам пачнецца 13 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе. Яму закідаюць ажно пяць палітычных артыкулаў: "паклёп на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК), "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), "арганізацыя масавых беспарадкаў" (ч. 1 арт. 293 КК), "заклікі да санкцыяў" (ч. 3 арт. 361) і "распальванне варожасці або варажнечы" (ч. 1 арт. 130 КК). Палітвязню пагражае да 12 гадоў калоніі. Судзіць яго будзе Святлана Крамянеўская.

Палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні 

Юрый Васкрасенскі на сустрэчы на Лагойшчыне
Юрый Васкрасенскі на сустрэчы на Лагойшчыне

Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", у наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі мінскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні. Але гэта тычыцца толькі асуджаных да невялікіх тэрмінаў.

Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць узбуджэннем новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Акрамя гэтага, праваабаронцы атрымліваюць сведчанні таго, што ў апошнія тыдні актывізаваўся Юры Васкрасенскі — ён тэлефануе родным палітвязняў і распавядае ім пра ўмовы і акалічнасці памілавання, агітуючы за тое, каб іх сваякі за кратамі напісалі прашэнне на імя Лукашэнкі.

Нагадаем, па інфармацыі "Вясны", 3 ліпеня на волю па амністыі ці памілаванні выйшлі 18 палітзняволеных. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства