viasna on patreon

Бабруйск: суд ацаніў маральную шкоду сябра СПБ у тры мільёны

2015 2015-08-25T15:24:32+0300 2015-08-25T15:24:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddzia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску 24 жніўня адбылося судовае паседжанне па пазову сябра СПБ Сяргея Пічугова, які спрабаваў узнавіцца на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА), дзе з ім не працягнулі працоўны кантракт. Таксама "свабодавец" патрабаваў пакрыцця маральнай шкоды, нанесенай яму і яго сям'і. Нагадаем, слесара-інструментальніка пятага разраду апавясцілі наконт непрацягнення кантракту за дзень да яго сканчэння. У той час яго жонка Ганна была цяжарная, і ад перанесенага стрэсу ў яе здарыліся заўчасныя роды.

Адміністрацыю заводу традыцыйна прадстаўлялі юрысконсульт Генадзь Дзеравянка і начальнік юрыдычнага аддзелу Андрэй Валатковіч. Суддзя - Алена Манкевіч, таксама на паседжанні прысутнічала Таццяна Хмялеўская - старэйшы памочнік пракурора.

Інтарэсы Сяргея Пічугова прадстаўляў старшыня завадской суполкі СПБ Міхаіл Кавалькоў, і гэта імкнуліся аспрэчыць завадскія юрысты. Яны сцвярджалі, што Кавалькоў не мае права быць прадстаўніком Пічугова, бо СПБ у Бабруйску не мае юрыдычнага адрасу, а пазоўнік нібыта наогул выйшаў з шэрагаў незалежнага прафсаюзу. Міхаіл Кавалькоў патлумачыў, што суполка знаходзіцца ў стане афармлення юрыдычнага адрасу, і што Сяргей Пічугоў ніколі не падаваў пісьмовай заявы наконт выхаду з СПБ.

У працэсе паседжання высветлілася, што працоўным ТДіА не выдаюць на рукі копію працоўнага кантракту. Але суддзя адзначыла, што ў гэтым ёсць і віна працоўных, бо яны не патрабуюць гэтыя копіі. Таксама Алена Манкевіч адзначыла, што працоўныя таксама мусяць за месяц да сканчэння кантракту папярэджваць працадаўцу аб жаданні працягнуць яго.

Як аказалася, у завадскіх дакументах адзначаны двухтыднёвы мінімальны тэрмін, у які кіраўніцтва абавязана папярэджваць аб непрацягненні кантракту. А па беларускім заканадаўстве гэты тэрмін павінен быць не меньшы за месяц. Суддзя адзначыла, што гэта грубае парушэнне, на завод будзе накіравана прадпісанне з гэтай нагоды.

Міхаіл Кавалькоў і Сяргей Пічугоў даводзілі суду, што гэтае звальненне - чарговае пазбаўленне завадской адміністрацыі ад сябраў Свабоднага прафсаюзу. Андрэй Валатковіч казаў, што ў сувязі з цяжкім эканамічным станам на зводзе ідзе аптымізацыя, таму Сяргей Пічугоў патрапіў пад скарачэнне. - "У тых, хто не патрапіў пад скарачэнне таксама па трое дзяцей, двое з якіх малалетнія?" - запыталася суддзя. Тады юрысты прад'явілі Алене Манкевіч вынікі медкамісіі Пічугова, з якіх вынікала, што ён не можа выконваць пэўныя працы. Яны пачалі сцвярджаць, што працоўны хаваў ад начальства гэтую даведку, і яны даведаліся пра яе існаванне літаральна на днях. Гэта выклікала абурэнне Сяргея Пічугова.

-Я праходзіў медкамісію з калегамі, і яе вынікі адразу патрапілі на завод. Гэта было год таму. Што тычыцца абмежавання ў працы, медыкі прадпісалі іх яшчэ некалькі гадоў таму, і раней гэта нікому не перашкаджала, я працаваў як звычайна, - заявіў Сяргей Пічугоў.

Прадстаўніца пракуратуры адзначыла, што па законе суд не можа абавязаць ТДіА узнавіць Сяргея Пічугова на працы, але пакрыццё маральнай шкоды тут будзе цалкам дарэчным. Пасля невялікага перапынку Алена Манкевіч вынесла рашэнне: у частцы, якая тычылася ўзнаўлення на працы, Пічугову адмовіць, але завод абавязаць выплаціць тры мільёны за маральную шкоду, нанесеную яму і ягонай сям'і.

-Канечне, сума ў тры мільёны нас зараз мала выратуе, - адзначыў пасля паседжання Сяргей Пічугоў. - Але хаця б нешта. Зараз я знаходжуся ў пошуках працы, абыйшоў усе малыя і вялікія прадпрыемствы, але ніякай працы нідзе няма.

-Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі ТДіА сказаў: "няхай Пічугоў жыве на дзіцячую грашовую дапамогу", - кажа Міхаіл Кавалькоў. - Гэта вышэйшая ступень цынізму! А як яны зрабілі з "свабодаўкай" Аксанай Кернажыцкай? Яе, праўда, папярэдзілі за два месяцы да сканчэння кантракту, каб сапсаваць настрой. Аксана адна гадуе непаўнагадовага сына, у яе, як і ў Сяргея, няма ніякіх дысцыплінарных парушэнняў. Яны добрыя працоўныя і надзейныя таварышы, за іх хадатайнічалі калегі.

Старшыня завадской суполкі кажа, што таксама хадатайнічаў за Аксану Кернажыцкую, сустракаўся з дэпутатамі і чыноўнікамі гарвыканкаму.

-Намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў тэлефанаваў мне і казаў, што пытаннем Аксаны асабіста займаецца старшыня Андрэй Каваленка. Але, відаць, нават чыноўнікі такога ўзроўню не могуць паўплываць на дырэктара ТДіА і дэпутата аблсавету Аляксандра Аграновіча, бо Аксану Кернажыцкую ўсё ж звольнілі, - кажа Міхаіл Кавалькоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства