Фігуранта справы "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень перамогі" завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі Дапоўнена
Суд па гучнай справе за "падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі" распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 26 ліпеня ў закрытым рэжыме. Падрабязнасці справы агучваліся ў прапагандыскім фільме АНТ. Судзілі адразу пяць чалавек: 25-гадовага Валера Водзіна (завочна), Андрэя Грыгор'ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Усіх абвінавачвалі у тым ліку ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), а Валера Водзіна — яшчэ паводле пяці артыкулаў. Працэс па справе скончыўся 9 жніўня. Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што 25-гадовага Валера Водзіна судзілі ў парадку спецвытворчасці і прызначылі 20 гадоў калоніі і буйны штраф у памеры 600 базавых велічыняў (24 000 рублёў).
Нагадаем, 15 траўня 2023 года на АНТ выйшаў прапагандысці фільм "Забойная пасылка" смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі", дзе распавялі падрабязнасці справы. Там паведамлялася, што нібыта КДБ да Дня перамогі 9 траўня 2023 года "прадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева". Там заявілі, што выбухоўка знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі. Арганізатарам акцыі назвалі беларуса Валерыя Водзіна, які выехаў ва Украіну ў лютым 2023 года і далучыўся да добраахвотнікаў у Палку Каліноўскага. Хлопец нібыта перасылаў у Беларусь настольныя электрапліты, каб з іх выкарыстаннем здзейсніць "тэракт на 9 траўня". Забраць і схаваць іх ён прасіў сваіх знаёмых, якіх затрымалі напачатку траўня 2023 года. Сцвярджалася, што Водзін атрымаў заданне ад Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
Агулам Валера Влдзіна асудзілі паводле шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 2 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржмяжу Беларусі боепрыпасаў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Сяргей Хрыпач, вядомымі сваімі жорсткімі прысудамі па палітычных справах.
Валера Водзіна судзілі ў парадку спецвытворчасці. Агулам яму завочна прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 20 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 600 базавых велічыняў, што складае 24 000 рублёў.
Так, яго прызналі вінаватым ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фамаванні" і на падставе ч. 3 арт. 361-1 КК прызначылі яму пазбаўленне волі на тэрмін пяць гадоў са штрафам у памеры 500 базавых велічынь. Яго ж прызналі вінаватым ва "ўдзеле, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, удзеле ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы і пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжаных арт. 133 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і на падставе ч. 1 арт. 361-3 КК і прызначылі яму 5 гадоў калоніі.
Таксама Водзіна асудзілі за "дапамаганні ў незаконным перамяшчэнні праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь выбуховых рэчываў, выбуховых прылад" і на падставе ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 333-1 КК прызначылі яму яшчэ пяць гадоў са штрафам у памеры 100 базавых велічынь. Яго ж прызналі вінаватым у "незаконных захоўванні, перавозцы, перасылцы і нашэнні выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у мэтах здзяйснення злачынства, прадугледжанага артыкулам 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь"(ч. 4 арт. 295 КК) і прызначылі яму восем гадоў са штрафам у памеры 500 базавых велічынь.
За "здраду дзяржаве" (іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь) паводле ч. 1 арт. 356 КК Водзіна асудзілі на дванаццаць гадоў са штрафам у памеры 500 базавых велічынь. Таксама яго прызналі вінаватым "у падрыхтоўцы да здзяйснення выбухаў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (актаў тэрарызму), учыненым групай асоб па папярэдняй змове" (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 КК) і прызначылі яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пятнаццаць гадоў са штрафам у памеры 500 базавых велічыняў.
Астатнім фігурантам — ад сямі да сямі з паловай гадоў
Дапоўнена. Генеральная пракуратура 13 жніўня паведаміла, што яшчэ чатырох фігурантаў справы — Андрэя Грыгор'ева, Вікторыю Волчак, Ганну Савачкіну і Таццяну Русак — асудзілі паводле аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса — "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356). Ім прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад сямі гадоў да сямі гадоў і шэсць месяцаў. Пракуратура не ўдакладняе канкрэтныя тэрміны фігурантам.