viasna on patreon

Міжнародныя праваабаронцы заклікалі АБСЕ асудзіць пераслед сваіх калегаў у Беларусі

2015 2015-09-23T22:56:40+0300 2015-09-23T22:56:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hdim2015-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 кастрычніка ў Варшаве ў рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні прайшло паседжанне, дзе абмяркоўваліся выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы ў рэгіёне АБСЕ.

Якія асноўныя прычыны тых выклікаў, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы ў рэгіёне АБСЕ, асабліва ў дачыненні да свабоды мірных сходаў і свабоды аб'яднанняў? Як можна пераадолець гэтыя выклікі, і якія эфектыўныя сродкі прававой абароны маюць праваабаронцы? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі ўдзельнікі паседжання - прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый.

У дадзеным кантэксце пра Беларусь у сваіх выступах казалі прадстаўнікі двух міжнародных праваабарончых арганізацый - Фонду Дамоў правоў чалавека і Freedom House.

Прадстаўнік Фонду ДПЧ ў пачатку свайго выступу заклікала АБСЕ публічна асудзіць пагрозы на адрас праваабаронцаў, адкрыты крымінальны і іншыя віды пераследу супраць іх. «Мы назіраем тэндэнцыю ў бок павелічэння выпадкаў нападак на праваабаронцаў, у прыватнасці ў тым, што тычыцца правоў на свабоду сходаў і аб'яднанняў. Многія з нашых партнёраў з Азербайджана, Беларусі і Расіі сутыкаюцца з перашкодамі, якія былі ўзведзены ў выніку ўкаранення абмежавальнага заканадаўства, - адзначыла рэгіянальны каардынатар ФДПЧ Анэ Тусквік Бондэ. – 11 кастрычніка новыя прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі. Нягледзячы на ​​тое, што палітвязні былі адпушчаныя на свабоду гэтай восенню, абмежавальнае заканадаўства, якое ўшчамляе права на свабоду сходаў і аб'яднанняў, працягвае дзейнічаць». Яна звярнулася да ўсіх дзяржаваў-удзельніц АБСЕ з просьбай падтрымаць міжнародныя маніторынгавыя механізмы, а таксама забяспечыць заканадаўчыя змены для пашырэння поля дзейнасці грамадзянскай супольнасці, каб яе прадстаўнікі маглі свабодна працаваць і выказваць сваё меркаванне.

Прыцягнуць увагу ўдзельнікаў паседжання да Беларусі, якая рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў, сваім выступам пажадала і прадстаўнік міжнароднай няўрадавай арганізацыі Freedom House. Яна таксама адзначыла, што не варта разглядаць нядаўняе вызваленне шасцярых палітзняволеных як карэннае змяненне ў стаўленні ўладаў Беларусі да правоў грамадзянаў, пакуль не будуць прынятыя больш рашучыя крокі. «Усё яшчэ захоўваецца абмежаванне правоў былых палітвязняў, у краіне па-ранейшаму рэзка абмяжоўваюцца грамадзянскія правы, праследуюцца актывісты грамадзянскай супольнасці і незалежныя журналісты», - сказала выступоўца і заклікала, каб дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ прыцягнулі да адказу ўлады Беларусі за невыкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў па Заключным Хельсінкскім акце. «Freedom House заклікае ўрад Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Хельсінкскіх дамоўленасцяў дзейнічаць добрасумленна і правесці усеабдымную рэформу для забеспячэння і захавання правоў чалавека ў краіне», - дадала яна.

Сярод рэкамендацый Freedom House на адрас уладаў Беларусі прагучалі наступныя: даць магчымасць грамадзянскім актывістам дамагацца асноватворных правоў чалавека без асцярогі быць падвергнутымі рэпрэсіям і незалежна ад таго, зарэгістраваная іх арганізацыя ці не; спрасціць парадак рэгістрацыі НДА; зняць абмежаванні на магчымасць атрымання НДА фінансавай дапамогі; спыніць пераслед журналістаў, якія асвятляюць грамадска-палітычныя праблемы, і адмяніць патрабаванне аб акрэдытацыі ў дачыненні да іх.

Нагадаем, што штогадовая канферэнцыя АБСЕ па разглядзе выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэння працягнецца ў Варшаве да 2 кастрычніка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства