Беларус зноў выйграў справу супраць Беларусі ў Камітэце па правах чалавека
15 ліпеня 2015 Камітэт ААН па правах чалавека ў чарговы раз прызнаў парушэнне Рэспублікай Беларусь свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання.
Дадзенае рашэнне Камітэта па правах чалавека тычыцца забароны мірнага сходу супраць жорсткага абыходжання з жывёламі. Варта адзначыць, што гэтая праблема пастаянна падымалася зоаабаронцамі, улічваючы тое, што за жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а таксама за іх катаванне ў Беларусі існавала толькі адміністрацыйная адказнасць.
30 ліпеня 2009 года Яўген Пугач падаў заяву на правядзенне мірнага сходу з мэтай прыцягнення ўвагі грамадзян да праблем безнаглядных жывёл, а таксама выказвання пратэсту супраць жорсткага абыходжання з жывёламі і нязгоды з метадамі работы прадпрыемства па адлове безнаглядных жывёл.
Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў актывісту ў правядзенні мірнага сходу і падставай для адмовы паказаў, што мірны сход будзе ствараць перашкоды прадпрыемству па адлове безнаглядных жывёл і двум іншым прадпрыемствам. Не пагадзіўшыся з рашэннем Мінгарвыканкама Яўген Пугач абскардзіў яго ў суд Маскоўскага раёна горада Мінска. Тым не менш, і суд першай інстанцыі, і судовая калегія Мінскага гарадскога суда пакінулі скаргу актывіста без задавальнення.
У справе Яўгена Пугача Камітэт ААН па правах чалавека палічыў, што Рэспубліка Беларусь парушыла частку 2 артыкула 19 (свабода выказвання меркавання) і артыкул 21 (свабода мірных сходаў) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Рэспубліка Беларусь павінна падаць актывісту адэкватную кампенсацыю, а таксама прыняць меры па папярэджанні падобных парушэнняў у будучыні, уключаючы перагляд заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
«Гэтая скарга характэрная тым, што мы не выкарыстоўвалі дзеючае заканадаўства, якое тычыцца права на падачу скаргі ў парадку нагляду старшыню Мінскага гарадскога суда і наступныя суды» - каментуе праваабаронца Сяргей Усцінаў, які займаўся падрыхтоўкай скаргі ў КПЧ ААН. «Разгляд скаргі ў парадку нагляду не цягне за сабой перагляд справы, разглядаецца адной службовай асобай, матэрыялы справы запатрабуюцца толькі па жаданні дадзенай службовай асобы, дадзены працэс праходзіць без удзелу зацікаўленых асоб. Адпаведна наглядная скарга, у адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі, не з'яўляецца эфектыўным сродкам прававой абароны».
Адзначым, што нягледзячы на забароны мірных сходаў, якія абмяжоўваюць магчымасць прыцягнення ўвагі грамадскасці да існуючых праблем, у зоаабаронцаў атрымалася дамагчыся змены заканадаўства - у 2015 годзе ў Крымінальны кодэкс быў ўведзены артыкул 339-1, які ўстанаўлівае адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі.