viasna on patreon

У Магілёве незалежную журналістку вызвалілі ад пакараньня

2015 2015-07-27T15:33:04+0300 2015-07-27T15:33:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/skrabunova-alina.gif

Ленінскі раённы суд Магілёва спыніў адміністрацыйны працэс супраць незалежнай журналісткі Аліны Скрабуновай.

Судзьдзя Алена Волкава прызнала, што двухмесячны тэрмін, які адводзіцца на пакараньне правапарушальніка, скончыўся.

Журналіста-фрылансэра вінавацілі ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі. Паводле пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня, яна незаконна вырабіла прадукцыю сродку масавай інфармацыі.

26 траўня на сайце тэлеканалу «Белсат», сьцьвярджалася ў пратаколе, зьявіўся відэасюжэт «Крызіс на беларускіх прадпрыемствах. Наракаюць рабочыя». Аўтарства прыпісвалі Скрабуновай. У суд выклікалі двух сьведак, якія нібыта былі гатовыя пацьвердзіць, што зь імі гутарыла журналістка. Суд іх так і ня выслухаў.

У судзе сваёй віны журналістка не прызнала. Заявіла, што міліцыянты падрабілі некаторыя дакумэнты ў матэрыялах справы супраць яе. Паводле журналісткі, у пратаколе адміністрацыйнага правапарушэньня адсутнічаюць ейныя тлумачэньні.

Выракам судзьдзі Волкавай яна задаволеная, аднак ёй бы хацелася, заўважыла пасьля суду журналістка, каб працэс супраць яе быў спынены зь іншай прычыны:

«Лічу гэтае абвінавачаньне незаконным. Дужа шмат парушэньняў дапушчана міліцыянтам, які вёў справу супраць мяне, і, зразумела, мне б хацелася, каб справу прызналі незаконнай, а прыцягненьне мяне да адказнасьці немагчымым. Мы паспрабуем пакараць таго міліцыянта, які шмат нарабіў парушэньняў. Ён падрабіў дакумэнты, і я праінфармавала пра гэта суд. Прасіла, каб на судзе прагледзелі відэазапіс майго знаходжаньня ў аддзеле міліцыі, які давёў бы маю праўду».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства