viasna on patreon

ЦВК Беларусі завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп

2015 2015-07-20T15:55:43+0300 2015-07-20T15:55:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/centrvybarkam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў завяршыла сёння рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Усяго Цэнтрвыбаркам дапусціў да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп. Сёння зарэгістраваны ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў: Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. У групу па вылучэнні Віктара Цярэшчанкі ўвайшлі 946 чалавек, Мікалая Улаховіча - 1 426 грамадзян. Склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Жанны Раманоўскай - 110 выбаршчыкаў, Таццяны Караткевіч - 1 993 чалавекі, Анатоля Лябедзькі - 977 грамадзян.

ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Андрэя Канаўца: сам вылучэнец не пражыў на тэрыторыі Беларусі 10 гадоў напярэдадні выбараў, як таго патрабуе заканадаўства. Акрамя таго, не поўнасцю запоўнены дакументы аб складзе яго ініцыятыўнай групы: не пазначаны прозвішчы грамадзян, іх пашпартныя даныя, месцы пражывання, дапушчаны іншыя памылкі. Таксама адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні Мікалая Статкевіча (з мужчыны не знята судзімасць), Ірыны Першынай (у склад групы ўвайшлі толькі 39 грамадзян, адносна астатніх членаў пазначаны няпоўныя або несапраўдныя звесткі), Сяргея Заблоцкага (заява аб рэгістрацыі групы з мноствам памылак паступіла па пошце), Тамары Біруковай (ініцыятыўная група складаецца з 53 чалавек, не пазначаны яе кіраўнік і каардынатары), Аляксандра Юдаева (недастатковая колькасць членаў групы: 94 чалавекі).

17 ліпеня ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча. У ініцыятыўную групу па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі 10 577 чалавек. У групу па вылучэнні Сяргея Калякіна павінна было ўвайсці 1 511. Аднак вырашана выключыць аднаго чалавека, паколькі гэта асоба без грамадзянства. Дакументы па групе Сяргея Гайдукевіча ўключалі 2 484 грамадзяніны, але з яе таксама вырашана выключыць траіх чалавек (двое не дасягнулі ўзросту 18 гадоў, адна ўдзельніца мае грамадзянства Расіі).

Як паведамлялася, усяго ў ЦВК з 14 па 17 ліпеня былі пададзены дакументы на рэгістрацыю чатырнаццаці ініцыятыўных груп. Акрамя таго, яшчэ адна заява ад ветэрана Віктара Талмачова паступіла ў камісію 20 ліпеня - яна была разгледжана, аднак у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы было адмоўлена.

БЕЛТА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства